Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Будкін: Мы прапануем новую культурную палітыку для новай Беларусі


Сяргей Будкін

Ян Максімюк размаўляе з кіраўніком нядаўна створанай Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным пра мэты і дзейнасьць гэтай арганізацыі.

Сяргей Будкін — у мінулым ініцыятар і мэнэджар шматлікіх культурных праектаў і праграм у Беларусі. Цяпер, за межамі Беларусі, арганізаваў Фонд культурнай салідарнасьці для пацярпелых ад палітычнага перасьледу дзеячоў і творцаў культуры. Нядаўна Фонд культурнай салідарнасьці ператварыўся ў Беларускую раду культуры.

Сяргей Будкін сьцісла:

  • Пачатковай нашай мэтай у Беларускім фондзе культурнай салідарнасьці была хуткая дапамога людзям са сфэры культуры. Спачатку я быў сам-адзін, а цяпер у працы Беларускай рады культуры задзейнічаныя 25–27 чалавек.
  • Беларуская рада культуры — не эмігранцкая структура. Але большасьці нашых сяброў мы не называем публічна. Публічна мы называем прозьвішчы Аляксандра Чахоўскага, Мікалая Халезіна і маё.
  • Мы ня толькі зьбіраем грошы і разьмяркоўваем іх тым, каму патрэбна, але і лабіюем культурны парадак дня ў эўрапейскіх структурах, на сустрэчах міжнароднага ўзроўню. Было паседжаньне міністраў культуры Ўсходняга партнэрства, дзе Беларусь прадстаўляла наша арганізацыя.
  • Ад моманту, калі я прыняў рашэньне застацца і не вяртацца ў Менск, я зьмяніў 17 лякацый за дзевяць месяцаў. Калі мы з вамі гаворым, я знаходжуся ў Таліне, але дзе я буду заўтра-пасьлязаўтра, я сам ня ведаю.
  • Цяпер мы ладзім творчую рэзыдэнцыю ў адной з краінаў — хочам прыняць пакуль дзесяць творцаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі. Сёньня ў нашай базе рэпрэсаваных зафіксавана блізу 600 чалавек, хоць рэальная лічба можа быць значна большая, бо ня ўсе да нас зьвяртаюцца і паведамляюць аб рэпрэсіях.
  • За час маёй дзейнасьці ў Фондзе культурнай салідарнасьці і Радзе культуры мы рэалізавалі 30 уласных праектаў.
  • Мы запусьцім працяг праекту «Артысты Перамогі» — ён будзе складацца з канкрэтных гісторый асобаў, якія ўпісаліся ў тэму падтрымкі і дапамогі і не пабаяліся «выступіць, выйсьці, сказаць, не прамаўчаць».
  • На днях будзе агучаная наша ідэя правядзеньня міжнароднага тыдня беларускай культуры і ўстанаўленьня Дня беларускай культуры, прымеркаванага да 7 ліпеня, калі нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал, Ян Чачот. Мы спадзяёмся, што Дзень беларускай культуры стане традыцыяй, як у Беларусі, так і па ўсім сьвеце.
  • Гаворачы пра выпрацоўку новай культурнай палітыкі для Беларусі, мы не зьбіраемся нікому навязваць сваё бачаньне. Мы хочам наладзіць працэс абмеркаваньня новай культурнай палітыкі, прапануючы свой плян рэформаў, сваю «дарожную мапу».
  • Я думаю, што ў нас няма ворагаў сярод тых людзей, якія застаюцца ў сфэры афіцыйнай культуры, дазволенай дзяржавай. Я думаю, там ёсьць людзі, якія пакуль вагаюцца, якія разгубленыя, а колькасьць тых, якія там «адмарожаныя на ўсю галаву», — яна ў межах статыстычнай памылкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG