Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Глыбіня крывадушнасьці проста зашкальвае». Латушка адказаў Макею і ягонай жонцы


Лукашэнка з новай трупай Купалаўскага тэатру
Лукашэнка з новай трупай Купалаўскага тэатру

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады і экс-кіраўнік Купалаўскага тэатру Павал Латушка адказаў Веры Паляковай, жонцы кіраўніка МЗС Уладзімера Макея. Яна раскрытыкавала на дзяржаўнай тэлевізіі яго за тое, што «выцер ногі аб тэатар».

«Выцер ногі аб Купалаўскі, разбурыў стогадовую гісторыю тэатру, вывеў людзей і кінуў іх. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, пэўна, разумелі, што робяць. І я не авечка, 26 гадоў жыла ў гэтай краіне і не лічу, што ўсё было так дрэнна. Тады хто я пасьля гэтага, дурніца з трыма вышэйшымі адукацыямі?», — заявіла Вера Палякова ў перадачы «Маркаў. Нічога асабістага» на тэлеканале АНТ.

Павал Латушка ў інтэрвію рэсурсу Malanka Live адказаў на закіды наступным чынам.

«Па-першае, Купалаўскі тэатар — залаты фонд нацыі, духоўны здабытак, пераацаніць значэньне якога для беларускага народу немагчыма. Але трэба таксама разумець: ён складаецца не з будынка, не з бэтону і сталі, а перш за ўсё з творчага складу. Сышлі народныя, заслужаныя артысты, кожны зь іх — асоба ў культуры. І казаць, што хтосьці іх вывеў, выцер ногі — гэта па-блюзьнерску. Эмоцыі, якія былі тады, не сышлі, бо рэпрэсіі і гвалт працягваюцца. Так што ніхто нікога не выводзіў, гэта было рашэньне актораў, супрацоўнікаў. Нацыянальны тэатар — гэта адказнасьць перад нацыяй. Купалаўцы ўзялі на сябе гэтую ролю, сказаўшы: мы з народам».

Павал Латушка адзначыў, што за паўтара года, пакуль ён кіраваў тэатрам, ніводнага разу не сустрэў там мужа і жонку Макеяў.

«Я нешта за гэты час не заўважыў іх у Купалаўскім. Бачыў былых міністраў замежных спраў Хвастова, Сянько, Латыпава, Мартынава, прэм’ер-міністра Румаса, але неяк вось гэтае сямейства не заходзіла, не знаходзіла часу. А для таго, каб пра нешта судзіць, трэба ведаць сытуацыю. І гаворка ж ня толькі пра Купалаўскі. Што скажа Вера Аляксандраўна наконт Свабоднага мастацкага тэатру, які фактычна спыніў існаваньне, Новага драматычнага, Горадзенскага драматычнага, Вялікага тэатру, адкуль звольнілі артыстаў, Белдзяржфілярмоніі, дзе артыстаў затрымлівалі падчас рэпэтыцый? Колькі прайшло праз турмы? Ні слова пра тых, хто быў забіты, хто прайшоў праз катаваньні».

«Калі спадар Макей лічыць, што ў Беларусі можна забіваць і не заводзіць крымінальныя справы, катаваць тысячы грамадзян краіны — пра што ў прынцыпе можна дыскутаваць? — задаецца пытаньнем Павал Латушка. Глыбіня крывадушнасьці і няздольнасьць бачыць праўду проста зашкальвае»,— падсумоўвае ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG