Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Будкін: «Яны рэальныя спадкаемцы савецкіх катаў»


Сяргей Будкін
Сяргей Будкін

Размова зь Сяргеем Будкіным, ініцыятарам і мэнэджарам шматлікіх культурных праектаў і адным з кіраўнікоў Фонду культурнай салідарнасьці ў Вільні. Ян Максімюк гутарыць зь ім пра яго маштабны праект «(Не)расстраляныя» і пра тое, чым ён займаецца цяпер.

Запачаткаваны Сяргеем Будкіным тры гады таму праект «(Не)расстраляныя» пра рэпрэсіі супраць дзеячоў беларускай культуры і літаратуры ў сталінскі час, атрымаў сваё завяршэньне. Нядаўна ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча выйшла кніга «(Не)расстраляныя», прысьвечаная постацям беларускай літаратуры, якія былі рэпрэсаваныя і расстраляныя НКВД у 1937 годзе.

Сяргей Будкін сьцісла:

  • Праект «(Не)расстраляныя», пачаткова плянаваны як выданьне музычнага альбому на словы рэпрэсаваных у 1930-х паэтаў, разросься ў маштабную адукацыйную праграму.
  • У праекце цягам трох гадоў былі задзейнічаны каля паўсотні чалавек.
  • Кніга «(Не)расстраляныя» — гэта завяршэньне праекту. На жаль, сродкаў хапіла адно на тое, каб надрукаваць і раздаць кнігу толькі тым, хто яе замовіў тры гады таму.
  • Кніга «(Не)расстраляныя» ня толькі пра мінуўшчыну, але і «пра нас цяпер».
  • «Тыя, хто нам робіць зло сёньня, яны рэальныя спадкаемцы тых савецкіх катаў».
  • Фонд культурнай салідарнасьці, які ўзначальвае Сяргей Будкін, неўзабаве зьменіць назву на Раду беларускай культуры і, акрамя дапамогі творцам, зоймецца падрыхтоўкай праграмы рэформаў у сфэры культуры.

Кропка ў праекце

— Сяргей, ці правільна я разумею: кніга «(Не)расстраляныя» — гэта такая лягічная кропка ў вашым праекце пра сталінскія рэпрэсіі супраць беларускай літаратуры і культуры?

— Так, я думаю, што гэта кропка. Праект і так зацягнуўся, бо мы разьлічвалі выдаць кнігу крыху раней.

Мы запачаткавалі гэты праект тры гады таму, і першапачаткова ён плянаваўся як музычны. Было 12 песень, 12 паэтаў, і мы меркавалі зрабіць альбом. Але потым ён разросься ў шырэйшы адукацыйны праект.

Мы зразумелі, што трэба праводзіць лекцыі; потым мы зразумелі, што ня толькі ў Менску; потым мы зразумелі, што паводле лекцый трэба зрабіць нейкі вынік і ўкласьці ў кнігу; потым мы зразумелі, што лекцыі — гэта ня ёсьць разьдзелы кнігі, таму што іх трэба дапрацоўваць.

Таму дасьледчыкі працягнулі працу, і гэты праект разросься да таго, што выйшаў такі грунтоўны том. Мы не разьлічвалі на тое, што ён будзе так шыкоўна выглядаць і будзе настолькі вялікім. Мы прасілі падтрымаць кнігу і замовіць яе за 30 рублёў, хаця яна фармату такога, як «Краіна Беларусь» Уладзімера Арлова. То бок выдаткаў было куды больш, але я вельмі рады, што кніга ўрэшце выйшла, і ўражаны тым, як яна выглядае. (…)

На жаль, сродкаў хапіла толькі на тое, каб надрукаваць і раздаць кнігу толькі тым, хто яе замовіў тры гады таму. То бок у продажы яе практычна не было.

«Не трымаў у руках пакуль»

— А ці будзе яна дадрукоўвацца і прадавацца? На сайце выдавецтва Янушкевіча я бачыў абвестку, што кніга будзе прадавацца па цане недзе пад 70 рублёў…

— Гэтая абвестка была, але, як толькі кніга зьявілася, у першы ж дзень яе раскупілі.

— Ці маглі б вы збольшага апісаць, што чытач знойдзе ў гэтай кнізе? Я сам яе яшчэ ў руцэ не трымаў, так што і мне асабіста рупіць даведацца.

— Надзіва, але я таксама не трымаў яе ў руках пакуль… Кніга арганізаваная такім чынам, што ў ёй — 18 разьдзелаў пра 18 герояў. Гэта фактычна такі дакумэнт паводле лекцыяў, якія мы праводзілі ў кнігарні «Логвінаў» цягам двух гадоў. (…) У праекце былі задзейнічаныя каля паўсотні чалавек, калі возьмем пад увагу і музыкантаў, і лектараў, і каманду, якая рэалізоўвала праект. (…)

Да праекту далучыўся Віктар Жыбуль, які стаў суўкладальнікам і рэдактарам кнігі, працаваў з аўтарамі, працаваў як лектар, правёў гіганцкую працу, таксама дапамог з пошукам ілюстрацый. Таму што нам не хацелася рабіць брашуру ці нейкую чарговую кнігу, якая пройдзе міма. Хацелася зрабіць кнігу-падзею, якой бы ганарыліся тыя, хто яе трымае ў руках. (…)

«Яны будуць страляць і расстрэльваць»

— Наступнае пытаньне напрошваецца само сабою. Мінула больш за 80 гадоў з трагічнага 1937 году, і беларуская культура і яе дзеячы зноў апынуліся ў сытуацыі жорсткага перасьледу і рэпрэсій. Пакуль што дзеячаў культуры не расстрэльваюць, але людзей наагул ужо страляюць. У краіне, якая называецца не Савецкі Саюз, а Рэспубліка Беларусь. Як гэта разумець? Як разумееце гэта вы? Чаму беларуская культура так ненавісная беларускім уладам, як тады, так і цяпер?

— Калі мы пачыналі гэты праект, была думка проста нагадаць пра мінулае. Калі была пастаўленая гэтая фінальная кропка і выйшла кніга, стала зразумела, што гэта не пра мінуўшчыну. Гэта пра нас цяпер. Мы не перажылі гэтай траўмы, якую нам нанесьлі нашы ворагі ў 1930-х, і праз гэта адбываецца, на жаль, тое, што мы цяпер назіраем.

Гэта вельмі складанае пытаньне, таму што ў 2017 годзе, калі мы абвясьцілі пра замову на кнігу, мы сабралі 50% ад таго, што меркавалі сабраць, таму гэты праект стратны для нас. Тады кніга не была патрэбна грамадзтву. Цяпер, мяркуючы па розгаласу, па рэакцыях, попыт значна перавышае тое, што мы маглі надрукаваць і што было замоўлена. Гэтая кніга стала актуальнай. Людзі сталі зьвяртацца да сваёй гісторыі, сталі асэнсоўваць падзеі — гэта для мяне відавочна.

І тыя, хто нам робіць зло цяпер — яны рэальныя спадкаемцы тых савецкіх катаў. Гэта для мяне абсалютна ясна і зразумела. Можна нават не разьбірацца ў радаводзе гэтых людзей, якія страляюць цяпер, таму што яны прамыя спадкаемцы. Яны будуць страляць і расстрэльваць, калі будзе загад. Яны будуць звозіць у Курапаты, калі на тое будзе патрэба начальніка. У мяне неймаверны халадок прайшоў па скуры, калі я пачуў той запіс Карпянкова. Гэта запіс з 1937 году. Ну можа не канкрэтна з 1937-га, таму што тады ўжо ўсё адбывалася, а, скажам, з 1935-га. (…)

Паралелі

— Наколькі, на ваш погляд, мэнтальная сытуацыя творцы культуры сёньняшняга дня адрозьніваецца ад сытуацыі творцаў у 1930-х? Як мне здаецца, тыя маладыя паэты, празаікі, крытыкі, якія загінулі ў трагічную кастрычніцкую ноч 1937-га году, былі перакананыя ці не да самай апошняй хвіліны жыцьця, што магчыма было ствараць паўнавартасную нацыянальную беларускую літаратуру і культуру ў сталінскай сыстэме і што іхная сьмерць — гэта нейкае абсурднае непаразуменьне.

Мала хто з сучасных беларускіх творцаў разьлічваў, што прыход Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе будзе спрыяць росквіту нацыянальнай культуры. Калі хто і меў нейкія ілюзіі, дык хутка іх пазбыўся. Незалежная і аўтэнтычная беларуская культура пайшла асобным шляхам ад дзяржавы. Пры ўсіх цяжкасьцях і недахопах такой сытуацыі, гэта ня так і блага, праўда? Творца культуры, па сутнасьці, свабодны, ён не нявольнік нейкай ідэалёгіі ці палітычнай сілы? Як вы лічыце?

— Натуральна, што паралелі з савецкай Беларусьсю тут праводзіць ня варта. Там была іншая сытуацыя, і я прыводжу паралелі хіба што з наступствамі. Паколькі мы не асэнсавалі тое, што адбылося тады, то мы прышлі прыблізна да таго ж у пляне рэпрэсій. Тады людзі верылі. І іх вінаваціць за гэта немагчыма — за тое, што яны верылі ў нейкую будучыню ў савецкай Беларусі. (…) Яны шчыра верылі, што такая будучыня магчымая. І калі яны ўбачылі, што яна немагчымая, было ўжо позна.

Так, яны ў той краіне жылі і думалі, што яны там свае і што яны яе ствараюць. Тут ёсьць карэннае адрозьненьне ад нашай сытуацыі — мяркуючы па сабе, я магу сказаць, што я жыву насуперак таму, што адбываецца. (…) Таму наша жыцьцё і наш фармат існаваньня не супадае з той краінай, у якой жылі героі праекту — гэта дакладна. (…)

«Культурны штаб новай Беларусі»

— На заканчэньне запытаю вас пра ваш цяперашні занятак у Фондзе культурнай салідарнасьці. Якія ў вас цяпер надзённыя турботы? Ці магчыма наагул дапамагаць беларускай культуры, будучы за мяжою?

— Ведаеце, тое, што я за мяжою, у часовай выправе, не азначае, што і арганізацыя за мяжою. Яе касьцяк, сілы, якія ёю рухаюць, і адказныя людзі знаходзяцца ў Беларусі. Мая справа — арганізаваць працэс, наладзіць яго такім чынам, каб людзі атрымалі дапамогу, людзі атрымалі інфармацыю, каб пра нас і нашу сытуацыю ведалі ў сьвеце і каб мы запусьцілі працэс падрыхтоўкі рэформаў у сфэры культуры. Усё гэта робіцца, і гэта магчыма рабіць мне як арганізатару працэсу. (…)

Мы пачыналі як Фонд культурнай салідарнасьці, проста каб дапамагчы людзям… Цяпер я бачу, што ў нас значна больш функцый. Мы ўзялі на сябе пэўную адказнасьць, якую ўзгаднілі з усімі палітычнымі структурамі, які прагнуць і робяць усё для таго, каб Беларусь абнавілася — гэта і Каардынацыйная рада, і офіс Сьвятланы Ціханоўскай, і Павал Латушка з Нацыянальным антыкрызісным кіраўніцтвам.

Мы ўзгаднілі з усімі, што мы выступаем цяпер як культурны штаб новай Беларусі і, акрамя дапамогі, арганізуем працэс падрыхтоўкі рэформаў і працуем у міжнародным кірунку. Таму я думаю, што празь месяц або паўтара мы пераназавёмся, таму што хацелася б пазыцыянаваць сябе шырэй. Мы вырашылі, што будзем называцца Беларускай радай культуры. (…) Гэта будзе структура, якая працуе з усёй культурай, а ня толькі з дапамогай. Пры гэтым я падкрэсьліваю, што функцыя дапамогі ня будзе выключаная, яна па-ранейшаму будзе існаваць. Вам упершыню пра гэта сказаў. (…)

* * * * *

Сяргей Будкін пры нагодзе гэтай размовы зьвярнуўся з заклікам да магчымых спонсараў, каб яны падтрымалі фінансава друк кнігі «(Не)расстраляныя», які аказаўся значна даражэйшы, чым пачаткова плянавалася, і таму кніга выйшла пакуль вельмі абмежаваным накладам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG