Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Калесьнікава ўганараваная прэміяй імя Яна Карскага


Марыя Калесьнікава

Сёньня ў Варшаве чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Марыю Калесьнікаву ўзнагародзілі прэміяй «Дух Яна Карскага» за абарону правоў чалавека

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Рады.

«Калесьнікава — адна зь гераіняў вялікай мірнай барацьбы за свабоду ў Беларусі. Цяжка ўявіць больш вартую атрымальніцу гэтай узнагароды. Мы вырашылі адзначыць нязломны супраціў Калесьнікавай і яе сьмеласьць патрабаваць грамадзянскіх правоў для актывістаў, якіх перасьледуюць», — адзначыў брытанскі гісторык, заснавальнік адукацыйнага фонду імя Яна Карскага, прафэсар Тымаці Гартан Эш.

Атрымаць прэмію прыехала сястра Марыі Тацяна Хоміч. Падчас уручэньня прэміі сястра Марыі расказала пра сытуацыю ў Беларусі, пра перасьлед адвакатаў Марыі Калесьнікавай і пра палітвязьняў:

«Да Марыі не пускаюць нават нашага бацьку. Часам ёй не даходзяць лісты па 3-4 тыдні. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Уявіце, што ў Беларусі больш за 500 такіх гісторыяў, — сказала Тацяна. — Што зьдзіўляе і натхняе мяне і мільёны беларусаў і людзей з усяго сьвету — што нават пасьля 9 месяцаў за кратамі Марыя не перастае быць сабой. Марыя — музыка. У турме няма музыкі, і гэта рэальнае катаваньне для яе. Яна ўяўляе музыку ў сваім сэрцы. Марыя — палітык. Яна працягвае натхняць беларусаў сваім цьвёрдым перакананьнем, што раней ці пазьней беларусы дамогуцца пераменаў».

Прэміяй Яна Карскага, удзельніка польскага руху Супраціву, адзначаюцца асаблівыя заслугі людзей у сфэры абароны правоў і годнасьці чалавека, барацьбы супраць расізму, абароны этнічных і рэлігійных групаў і сувэрэнных нацый, каб пабудаваць адкрытае і талерантнае грамадзтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG