Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У фэстывалі «Славянскае адзінства» возьмуць удзел Расея, Беларусь і «ДНР» — замест Украіны


Ілюстрацыйнае фота

З 1970-х гадоў на манумэнце «Тры Сястры» (дзе сыходзяцца межы Беларусі, Расеі і Ўкраіны) праходзіў фэстываль «Славянскае адзінства». Да 2014 году ў ім бралі ўдзел тры краіны-суседкі.

На сёлетнім фэстывалі, які пройдзе ў расейскім Бранску, Украіны ня будзе. Але будзе прадстаўлена так званая «Данецкая Народная Рэспубліка», якую ўкраінскі парлямэнт прызнаў тэрарыстычнай арганізацыяй.

Дэпартамэнт культуры Бранскай вобласьці апублікаваў праграму мерапрыемстваў фэстывалю «Славянскае адзінства».

Мерапрыемствы пройдуць у асноўным у онлайн-фармаце. У іх возьмуць удзел установы культуры Расеі, Беларусі і так званай «ДНР».

Адбудуцца абменныя онлайн-пастаноўкі спэктакляў Бранскага тэатру юнага гледача і Палаца мастацтваў Бабруйску, Магілёўскага тэатру драмы і камэдыі, а таксама Данецкага рэспубліканскага моладзевага тэатру (Макееўка).

Пройдуць тэлемасты з удзелам Горадзенскага тэатру лялек і Горлаўскага («ДНР») гарадзкога тэатру лялек.

Зь беларускага боку ўдзел возьмуць музэі, тэатры, бібліятэкі, архівы, установы адукацыі.

25 чэрвеня абласное аддзяленьне агульнарасейскай грамадзкай арганізацыі «Асамблея народаў Расеі» правядзе «Тэлемост з народамі Беларусі».

Летась фэстываль праходзіў у памежных Клінцах (Расея). Ён быў прысьвечаны 75-годзьдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў асноўным прайшоў у онлайн-фармаце.

«Упершыню мерапрыемства прайшло ў 1969 годзе ў якасьці сустрэчы памежных абласьцей — Бранскай, Гомельскай і Чарнігаўскай. Але і сёньня, калі прайшло больш за 50 гадоў, захоўваецца еднасьць трох славянскіх народаў, умацоўваецца сяброўства», — пісала выданьне з Клінцоў летась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG