Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне сьцьвярджаюць, што на вучэньнях «Захад-2021» будуць адпрацоўваць захоп некалькіх украінскіх гарадоў


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб атрыманьні інфармацыі, што ў часе сёлетніх супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2021» плянуюць адпрацоўваць захоп трох украінскіх гарадоў.

Пра вучэньні «Захад-2021» Уладзімір Зяленскі згадаў, калі адказваў на пытаньне замежных журналістаў аб прычынах вайсковай эскаляцыі каля ўкраінскіх межаў вясной і настойваньні Расеі на вядзеньні прамых перамоваў Украіны з прадстаўнікамі так званых «народных рэспублік».

«Вяртаючыся да Расеі. Яны кажуць: „Для чаго мы тут? Вы размаўляйце з гэтымі таварышамі з ДНР/ЛНР“. Тады пытаньне: а „Захад-2021“, вучэньні, якія вы праводзіце, а не „ЛДНР“, не асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей (АРДЛА). Гэта ж вы (Расея) праводзіце. Тады скажце мне, а чаму тут — паводле той інфармацыі, якую мы атрымліваем — адпрацоўваюцца варыянты магчымага захопу Кіева, Адэсы, Харкава? Проста зьдзіўляесься, як можна вось так гаварыць адно, а рабіць і іншае», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны таксама не выключае, што эскаляцыя можа аднавіцца ў любы дзень, і асабліва, калі пачнуцца супольныя беларуска-расейскія вучэньні. «На жаль, мы павінны чакаць ускладненьняў і штодзень быць да іх гатовымі. Але я мяркую, што гэта будзе. Імавернасьць правакацый ёсьць, у прыватнасьці ў сярэдзіне верасьня, калі будзе «Захад-2021».

У той жа час Уладзімір Зяленскі мяркуе, што Расея не зацікаўленая ў поўнамаштабнай вайне. «Я вельмі ў гэта веру, бо думаю, што гэта трэцяя ўсясьветная вайна. Упэўнены ў гэтым, таму што мы не здадзімся, пойдзем да канца. Расея таксама гэта разумее», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Сёлета ў студзені Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра нібыта нарошчваньне вайсковага патэнцыялу ў памежных краінах. У сувязі з гэтым супольна з расейскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».

Плянуецца, што манэўры пройдуць цягам тыдня — ад 10 да 16 верасьня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расеі.

Аналягічныя вучэньні прайшлі ў 2017 годзе на шасьці палігонах і двух участках мясцовасьці ў Беларусі і трох палігонах у Расеі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.

За вучэньнямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG