Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура заявіла, што палітзьняволеную Віталію Бандарэнку не прымушалі падпісваць пустыя аркушы


Віталія Бандарэнка, архіўнае фота
Віталія Бандарэнка, архіўнае фота

12 чэрвеня Віталія Бандарэнка паведаміла маці празь іншых зьняволеных, што ў СІЗА яе прымусілі падпісаць пяць пустых аркушаў фармату А5. Што на іх напішуць, дзяўчына ня ведала.

«Потым скажуць яшчэ, што памілаваньня прасіла, чаго яна на самой справе не рабіла. Альбо напішуць, што яна прызнаецца ў нечым. Таму Віталіна прасіла перадаць, што калі потым штосьці дзесьці вылезе, то каб усе ведалі, што яе прымусілі, — сказала Свабодзе маці дзяўчыны Натальля Бандарэнка.

На спатканьні 4 чэрвеня маці Віталіі Натальля сказала маці, што ў сярэдзіне сакавіка правяла 10 сутак у карцары. Аднак за што, удакладніць не пасьпела.

«Калі закранулі гэтую тэму, пачулі ў трубцы, што да нас падключыліся. Пасьля гэтага мы пачалі гаварыць глупствы ўсякія. У выніку так і не вярнуліся да моманту карцару».

Таксама Натальля расказала, што дачка нудзіцца ад інфармацыйнага вакуўму. Нягледзячы на тое, што Віталіі пішуць шмат людзей, лісты яна атрымлівае толькі ад маці, бабулі, цёткі і брата.

«Дачка сказала: „Я ўжо хадзіла да начальніка, пыталася, чаму не аддаяце лісты падтрымкі. Я дакладна ведаю, што яны прыходзяць“. Ён ёй адказаў: „Будзеш адсюль выходзіць, я табе іх усе дам, тады і прачытаеш“».

18 чэрвеня пракуратура Берасьця заявіла, што Віталю Бандарэнку ў карцар не зьмяшчалі, пустых аркушаў падпісваць не давалі і ў перапісцы не абмяжоўвалі.

«Падчас праверкі з выбыцьцём пракурорскага работніка ў пазначаную пэнітэнцыярную ўстанову Віталія Бандарэнка паведаміла, што за час ейнага знаходжаньня пад вартай у СІЗА ніякіх чыстых аркушаў яна не падпісвала. Пры гэтым падчас спатканьняў з сваёй маці на гэтую тэму яны не размаўлялі», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры Берасьцейскай вобласьці.

Пракуратура лічыць, што Віталія Бандарэнка пераблытала карцар з «камэрай зборнага аддзяленьня», у якой яе трымалі тры гадзіны, пакуль афармлялі дакумэнты пасьля яе паступленьня ў калёнію. Карцарам Бандарэнку не каралі, сьцьвярджае пракуратура. І дадае, што «фізычнага ўзьдзеяньня на яе ў сьледчым ізалятары не рабілася, цялесных пашкоджаньняў у яе няма».

Што да ліставаньня, то ў пракуратуры заявілі, што Віталія Бандарэнка «без абмежаваньняў карыстаецца сваім правам на перапіску».

19-гадовая Віталія Бандарэнка ў лютым вярнулася ў Беларусь з-за мяжы, каб пабачыць каханага хлопца. Але яе затрымалі. 21 траўня дзяўчыне прысудзілі 4 гады калёніі агульнага рэжыму за нібыта ўдзел у масавых беспарадках у Берасьці. Яе хлопца яшчэ ў сакавіку пакаралі 3 гадамі выхаваўчай калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG