Пасьля сутак рамонтных работ аднавілася водазабесьпячэньне ў Барысаве, дзе напярэдадні без вады засталася большая частка гораду. Пры гэтым, як паведамілі «Эўрарадыё» ў офісе «Барысаўводаканалу», піць ваду з-пад крана пакуль нельга.
«Можна рукі памыць, але для прыгатаваньня ежы пакуль выкарыстоўваць рана», — параілі ў дыспэтчарскай службе.
Да дамоў, якія ад раніцы 16 чэрвеня былі без вады, яе па-ранейшаму падвозяць цыстэрнамі. Дзьве машыны стаялі на вуліцы Нармандыя — Нёман, трэцяя курсавала паводле заяўнага прынцыпу.
Сёлета буйныя аварыі на вадаправодах фіксаваліся ў Жодзіне і некаторых раёнах Менску.