Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3,6 мільярда даляраў за год толькі на транспарце. Якія паслугі і куды прадае Беларусь


Грузавыя машыны перад польска-беларускім памежным пераходам на Баброўнікі-Бераставіца

Што такое «іншыя дзелавыя паслугі», абарот якіх складае 1,7 мільярда даляраў на год? Разьбіраемся.

Ня толькі нафтапрадукты і ўгнаеньні

За мінулы год Беларусь прадала транспартных паслугаў іншым краінам на 3,6 мільярда даляраў, імпартавала — на 1,7 мільярда даляраў. Таваразварот — 5,4 мільярда даляраў. Гэта самая прыбытковая сфэра гандлю паслугамі, зыходзячы з афіцыйнай статыстыкі.

Другая па прыбытковасьці сфэра — кампутарныя паслугі: таваразварот 3,1 мільярда даляраў за год, экспарт — 2,6 мільярда даляраў.

А вось трэцяя па прыбытковасьці сфэра «іншыя паслугі» — без тлумачэньняў. Таваразварот за год — 1,7 мільярда даляраў, экспарт — 983 мільёны даляраў, імпарт — 765 мільёнаў даляраў.

Чацьвёртая па прыбытковасьці сфэра — будаўнічыя паслугі. Таваразварот за мінулы год — 1,5 мільярда даляраў, экспарт — больш за паўмільёна даляраў.

Што за «іншыя дзелавыя паслугі»

Гэта панятак, які ўключае ў сябе паслугі, не пералічаныя ў асноўнай статыстыцы. Гэта могуць быць юрыдычныя, кансультатыўныя, рэклямныя паслугі, паслугі ў галіне здабыўной прамысловасьці ці сельскай гаспадаркі.

Зь якімі краінамі Беларусь гандлюе паслугамі

Найбольшы таваразварот у гандлі паслугамі ў Беларусі з Расеяй — 3,8 мільярда даляраў за мінулы год, экспарт — 2,4 мільярда, імпарт — 1,4 мільярда. На другім месцы — ЗША: 1,4 мільярда даляраў таваразвароту і экспарт на 1,2 мільярда даляраў, імпарт — 157 тысяч даляраў. З ЗША, у асноўным, гэта экспарт кампутарных паслуг, сфэра ІТ. На трэцім месцы па аб’ёме таваразвароту ў сфэры паслуг Кітай (730 мільёнаў даляраў за год), на чацьвёртым — Нямеччына (644 мільёны даляраў за год).

Але гандлюе паслугамі Беларусь ня толькі з буйнымі краінамі, але і з малымі краінамі-афшорамі. Напрыклад, летась Беларусь закупіла на Маршалавых Астравах паслугаў на 25 мільёнаў даляраў. На Багамах — на 2,2 мільёна даляраў. А Гібралтару прадала паслугаў на 10 мільёнаў даляраў.

Што гэта за паслугі, нідзе не тлумачыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG