Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Расея ня зможа абараніць Беларусь ад наступстваў санкцый пры ўсім жаданьні»


Будынак МЗС Расеі ў Маскве. Архіўнае фота.
Будынак МЗС Расеі ў Маскве. Архіўнае фота.

Пра падтрымку Беларусі ў выпадку ўвядзеньня новых эканамічных санкцый заявіў дырэктар Дэпартамэнту эканамічнага супрацоўніцтва МЗС РФ Дзьмітрый Бірычэўскі.

Заяву Бірычэўскага 31 траўня апублікавала агенцтва «РИА Новости». Па словах расейскага чыноўніка, у выпадку ўвядзеньня новага пакету эканамічных санкцый (гэта зможа адбыцца 21 чэрвеня. — РС), Крэмль абароніць афіцыйны Менск ад магчымых нэгатыўных наступстваў.

«Я думаю, што мы будзем абараняць нашага партнэра Беларусь, мы будзем дапамагаць нашым саюзнікам, — сказаў Бірычэўскі. — А тое, што прыдумляюць заходнікі супраць Беларусі, выклікае абсалютна нэгатыўныя эмоцыі. Таму што перш за ўсё трэба правесьці расьсьледаваньне таго, што адбылося, а потым думаць над тым, як на гэта рэагаваць, а не рабіць пасьпешныя заявы».

Якія паказьнікі мае Беларусь у эканамічных стасунках з Расеяй

Пра канкрэтныя крокі для аказаньні дапамогі Беларусі прадстаўнік МЗС РФ не расказаў. У даковідны пэрыяд, зь сярэдзіны 2018-га па сярэдзіну 2019-га, аб’ём экспарту зь Беларусі складаў каля 33 мільярдаў даляраў. Прыкладна 13 зь іх прыпадалі на Расею. Ва Ўкраіну за той жа пэрыяд Беларусь прадала тавараў на 4 мільярды даляраў.

У 2020 годзе асноўным гандлёвым партнэрам заставалася Расея, на яе долю прыпала 45% беларускага экспарту тавараў. Эўразьвяз у 2020 годзе займаў другое пасьля Расеі месца — туды Беларусь прадавала чвэрць усіх вырабленых тавараў.

У сфэры паслуг беларускі экспарт выглядае крыху іначай. На першым месцы ў 2020 годзе таксама была Расея, але на яе долю прыпала 35%. На другім месцы Эўразьвяз з 31%, трэція ЗША — 9% ад усіх прададзеных беларускай эканомікай паслуг.

Эканамічны экспэрт, старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб мяркуе, што заявы прадстаўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства варта расцэньваць найперш як палітычную дэклярацыю падтрымкі дзейных беларускіх уладаў з боку Крамля.

«Мне здаецца дастаткова відавочным, што гэта заява палітычная, — мяркуе Вадзім Іосуб. — Дапамога можа быць толькі сымбалічнай альбо маральнай. Тут варта прыгадаць, пра якія магчымыя санкцыі ідзе гаворка. Пачаць можна з закрытага неба над усёй Эўропай для авіяперавозак. Прагучала, што могуць быць пашыраныя рэйсы ў Расею. Але я думаю, ні колькасьцю пасажыраў, ні заробленымі грашамі палёты ў Расею ніякім чынам не кампэнсуюць тое, што беларускія самалёты ня могуць лятаць ні ў Эўропу, ні над Эўропай».

Што датычыць санкцый, якія толькі абмяркоўваюцца, то тут магчымасьці Расеі яшчэ больш абмежаваныя, мяркуе экспэрт.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб.

«Сярод таго, што абмяркоўваецца, — магчымае спыненьне куплі беларускага калію, — нагадвае Вадзім Іосуб. — Яшчэ з найбольш жорсткіх варыянтаў — магчымае спыненьне транзыту энэрганосьбітаў празь Беларусь. І любыя магчымыя сэктаральныя санкцыі. Тут трэба разумець, што Расея ў прынцыпе, нават маючы жаданьне, ад наступстваў такіх санкцый ніякім чынам Беларусь не абароніць. Расея ніякім чынам ня будзе купляць у Беларусі дадатковыя аб’ёмы ўгнаеньняў. І як яна можа дапамагчы ў выпадку забароны транзыту энэрганосьбітаў? Гэта ўвогуле ўявіць немагчыма».

У 2019 годзе Расея займала другое месца ў сьвеце пасьля Канады ў вытворчасьці калійных угнаеньняў, і трэцяе пасьля яе ж і Беларусі ў іх экспарце. Пры гэтым асаблівасьцю расейскага рынку калійных і азотных угнаеньняў зьяўляецца абмежаваны ўнутраны попыт.

Па словах Вадзіма Іосуба, у апошнія гады Расея калі не цалкам, то ва ўсё большай ступені стараецца прытрымлівацца прагматызму ў дачыненьнях з Беларусьсю. Таму заяву прадстаўніка расейскага МЗС варта разглядаць як дзяжурную.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG