Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абяцала «заступіцца» за ўлады Беларусі ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцый

Будынак МЗС Расеі ў Маскве. Архіўнае фота.
Будынак МЗС Расеі ў Маскве. Архіўнае фота.

У Эўразьвязе пры абмеркаваньні эканамічных сэктаральных санкцый супраць уладаў Беларусі разглядаюць пытаньні экспарту калію і транзыту расейскага газу.

Пра намеры Расеі абараніць улады Беларусі ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцый у інтэрвію «РИА Новости» заявіў дырэктар Дэпартамэнту эканамічнай супрацы МЗС Расеі Дзьмітрый Бірычэўскі.

«Я думаю, што мы будзем абараняць нашага партнэра Беларусь, мы будзем дапамагаць нашым саюзьнікам. А тое, што прыдумляюць заходнікі супраць Беларусі, выклікае абсалютна нэгатыўныя эмоцыі. Таму што перш за ўсё трэба правесьці расьсьледаваньне таго, што адбылося, а потым думаць над тым, як на гэта рэагаваць, а не рабіць пасьпешныя заявы»,— сказаў Бірычэўскі.

Што тычыцца транзыту расейскага газу, «трэба палічыць, як гэта адаб’ецца на эканоміцы, на наяўных кантрактах»,— дадаў ён.

Камэнтуючы магчымасьць люстранага адказу ў выпадку ўвядзеньня ЕЗ санкцый супраць афіцыйнага Менску, якія закранаюць транзыт расейскага газу, Бірычэўскі сказаў:

«Мы ня можам рэагаваць на тыя захады, якія ўведзеныя супраць іншай краіны, нам трэба абмеркаваць гэта з партнэрамі і паглядзець, што мы можам зрабіць».

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што кіраўнікі МЗС краін Эўразьвязу пры абмеркаваньні эканамічных сэктаральных санкцый да Беларусі разгледзяць пытаньні экспарту калію і транзыту расейскага газу праз краіну.

Пры гэтым, паводле яго, чацьвёрты пакет пэрсанальных санкцый па Беларусі практычна гатовы, ён можа быць зацьверджаны да 21 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG