Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд прыняў да разгляду пазоў Радыё Свабода супраць расейскіх уладаў


Эўрапейскі суд правоў чалавека прыняў да разгляду скаргу ТАА «РСЭ/РС» аб шматмільённых штрафах, накладзеных на Радыё Свабода і іншыя праекты мэдыякарпарацыі за парушэньне загаду «Роскомнадзору» аб маркіроўцы матэрыялаў згодна з заканадаўствам аб «замежных агентах».

Пазоўнікі ўпэўненыя, што ўжываньне гэтага заканадаўства парушае артыкулы Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.

Прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай неаднаразова заяўляў аб рашучасьці мэдыяарганізацыі працягваць працу ў Расеі: «РСЭ/РС падае сваёй аўдыторыі сумленныя навіны і збалянсаваную інфармацыю, для таго каб грамадзяне Расеі, як заўважыў адзін з нашых журналістаў, „не прывыкалі да няпраўды і не жылі ў хлусьні“».

Разам са скаргай Радыё Свабода прыняты і пададзены ў 2019 годзе пазоў The New Times і яго галоўнай рэдактаркі Яўгеніі Альбац, які тычыцца накладзенага на выданьне штрафу на 22 млн рублёў за тое, што «Роскомнадзору» не даслалі ў тэрмін інфармацыю аб замежным фінансаваньні.

Абедзьве скаргі ЭСПЧ аб’яднаў у адну справу і надаў ім прыярытэт, таму заяўнікі разьлічваюць на хуткі разгляд справы. Паводле некаторых ацэнак, суд можа вынесьці рашэньне ўжо ў наступным годзе.

ТАА «РСЭ/РС» прадстаўляе ў Расеі інтарэсы мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. У 2017 годзе яе расейскамоўныя праекты Міністэрства юстыцыі РФ унесла ў пералік СМІ — «замежных агентаў». Карпарацыя ня лічыць сябе «агентам», бо яе рэдакцыйная палітыка цалкам незалежная, а ўсе патрабаваньні расейскага заканадаўства выконваюцца.

У 2020 годзе «Роскомнадзор» запатрабаваў маркіраваць матэрыялы «замежных агентаў», аднак Радыё Свабода адмовілася выконваць гэтыя патрабаваньні, расцэньваючы іх як спробу ўмяшаньня ў рэдакцыйную палітыку і парушэньне Канстытуцыі Расеі. Пасьля гэтага на ТАА «РСЭ/РС» і яе гендырэктара Андрэя Шарага «Роскомнадзор» пачаў складаць пратаколы аб парушэньні маркіроўкі.

У суды накіравана 520 пратаколаў, агульная сума штрафаў ужо перавысіла 80 млн рублёў. Усе апэляцыі нязьменна застаюцца без задавальненьня. У траўні судовыя прыставы заблякавалі банкаўскія рахункі ТАА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG