Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапаўцы затрымалі трэнэра і актывіста Свабоднага аб'яднаньня спартоўцаў Якаўлева, які прыехаў сустрэць журналіста пасьля сутак


Канстанцін Якаўлеў сустракае Дзьмітрыя Руту пасьля арышту

Міліцыянты спынілі некалькі машын са спартоўцамі, якія езьдзілі ў Баранавічы сустракаць журналіста парталу «Трыбуна» Дзьмітрыя Руту. АМАП затрымаў гандбольнага спэцыяліста і актывіста Свабоднага аб'яднаньня спартоўцаў (SOS-BY) Канстанціна Якаўлева.

Паводле сьведак, гэта здарылася на трасе М1, побач з гатэльным комплексам «Веста» ў раёне Дзяржынску.

Як паведаміў Свабодзе дзесяціборац Андрэй Краўчанка, машыну, у якой ехалі спартоўцы, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Адразу пад’ехалі амапаўцы, усіх вывелі з аўта, загадалі пакласьці тэлефоны на капот. Пасьля затрымалі Канстанціна Якаўлева.

На думку спартоўцаў, гэта сплянаваная апэрацыя супраць Канстанціна, у якога сёньня заплянавана адкрытая трэніроўка ў Новай Баравой.

Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь», які летась фэдэрацыя адхіліла ад гульняў чэмпіянату за падтрымку арыштаванай на 15 сутак баскетбалісткі Алены Леўчанкі, заявіў, што пачынае адкрытыя групавыя трэнаваньні на паветры.

«У двары або на пляжы, у лесе або ў парку. Спорт — гэта мая мара, а яе ў мяне ніхто не забярэ. Я буду запрашаць свабодных спартоўцаў, сумленных журналістаў, вядомых вядоўцаў, артыстаў тэатру і кіно. Так мы створым сваю каманду», — праананасаваў спэцыяліст.

Першая трэніроўка прыпадала якраз на 16 чэрвеня. На сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў, што мае на гэты дзень дзьве важныя справы.

  • Паеду ў Баранавічы сустракаць з турмы журналіста Дзьмітрыя Руту.
  • Правяду трэніроўку ў Новай Баравой з усімі ахвотнымі.

Спартовы журналіст Дзьмітры Рута выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту. Яго асудзілі за фанацкі шалік бел-чырвонага колеру.

Дзьмітрыя сустрэлі баец Іван Ганін, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, барэц Сьцяпан Папоў, валейбаліст Артур Удрыс, экс-футбаліст Васіль Хамутоўскі, міс Беларусі – 2008 Вольга Хіжынкова, трэнэр Канстанцін Якаўлеў.

Дзьмітрыя Руту затрымалі 1 чэрвеня. Журналіста абвінавацілі ў «незаконным пікетаваньні» паводле артыкулу 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску складаць пратакол. 2 чэрвеня суд пакараў яго 15 днямі арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG