Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Эдварда Вайніловіча


Эдвард Вайніловіч
Эдвард Вайніловіч

Падзеі 16 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 чэрвеня 1928 году памёр Эдвард Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзяяч, мэмуарыст. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.

Алена і Сымон Вайніловічы
Алена і Сымон Вайніловічы

Ён з тых, хто сваім жыцьцём абвяргае накінутую беларусам учэпістую думку, нібыта яны былі пазбаўленыя сваёй арыстакратыі.

Дзякуючы яму нашая сталіца ўжо другое стагодзьдзе мае адну з сваіх непаўторных адметнасьцяў — ратаваны Богам ад сучасных герастратаў Чырвоны касьцёл, або, дакладней, касьцёл Сьвятых Сымона й Алены. (Ёсьць сьведчаньні некалькіх сучасьнікаў, што Машэраў распарадзiўся зьнесьцi храм, які «портил лицо социалистического города», аднак ажыцьцяўленьню злачыннага намеру партыйнага кiраўнiка рэспублiкi перашкодзіла яго сьмерць.)

Вайніловіч належаў да найбагацейшых абшарнікаў краю, але, скончыўшы Пецярбурскі тэхналягічны інстытут і выправіўшыся ў Эўропу на стажыроўку, вырашыў пачаць яе простым работнікам на бэрлінскім паравозабудаўнічым заводзе.

Вярнуўшыся ў Беларусь і заняўшыся сельскай гаспадаркай, Вайніловіч хутка ператварыўся ці ня ў самага пасьпяховага прадпрымальніка ў сваёй галіне, аднак ніколі не абмяжоўваўся эканамічнымі інтарэсамі. Ён адчыняў дзіцячыя прытулкі і школы, бараніў справы Літвы-Беларусі як дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы.

Зусім небеспадстаўна Вайніловіча называюць першым беларускім экумэністам: ён фундаваў будаўніцтва касьцёлаў і праваслаўных цэркваў, заснаваў у Клецку камітэт абароны правоў габрэяў і татараў-мусульманаў.
Свой род ён — выпускнік славутай Слуцкай гімназіі — заўсёды называў «мясцовым, беларускім», а ў мэмуарах пісаў пра «сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху».

Вайніловіч і беларушчына — тэма для добрай дысэртацыі. Фундатар нашага першага легальнага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца», шчодры ахвярадаўца «Нашае Нівы»...

Сапраўдны стацкі саветнік Эдвард Вайніловіч меў пяць царскіх ордэнаў, сябраваў з старшынём расейскага савету міністраў Пятром Сталыпіным, які прапаноўваў беларускаму арыстакрату пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Аднак той марыў пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага, у 1918-м браў удзел у паседжаньнях Ураду БНР і выступаў супраць падзелу краіны Масквой і Варшавай. Менавіта ў слуцкім доме Вайніловіча зьезд Случчыны абвясьціў падрыхтоўку да антыбальшавіцкага паўстаньня.

Эдвард Вайніловіч быў узорным мужам і бацькам, але Бог забраў у яго дзяцей, Сымона (1885–1897) і Алену (1884–1903), у гонар якіх у 1910 годзе і быў узьведзены Чырвоны касьцёл.

З ініцыятывы ксяндза-магістра Ўладзіслава Завальнюка ў 2006-м парэшткі Эдварда Вайніловіча былі ўрачыста перапахаваныя ў фундаваным ім храме.

Празь дзесяць гадоў быў распачаты працэс яго бэатыфікацыі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 128–129


Таксама ў гэты дзень


1904 — у Дубліне адбылося першае спатканьне будучага ірляндзкага пісьменьніка Джэймса Джойса і Норы Барнакл, якая пазьней стала ягонай жонкай. Менавіта гэты дзень Джойс абраў часам дзеяньня свайго раману «Уліс», які выйшаў у Парыжы ў 1922 годзе. Першая палова раману ў беларускім перакладзе Яна Максімюка выйшла ў Беластоку ў 1993 годзе.


2006 — для карыстальнікаў адкрылі новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1834Аляксандар Ельскі, гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменьнік, перакладчык, публіцыст.

1836Міхал Цюндзявіцкі, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гг., ахвяра расправы расейскіх калянізатараў.

У чэрвені 1863-га Менск абляцела вусьцішная вестка пра расстрэл расейскімі карнікамі маладога афіцэра Міхала Цюндзявіцкага, сына маршалка Барысаўскага павету пана Мэльхіёра.

Такой была цана беларускага слова і беларускай думкі, напіша пазьней адзін зь біёграфаў патрыёта.

Галоўнай віною дваццацісямігадовага «асабліва небясьпечнага злачынцы» сталася пашырэньне першай нелегальнай беларускай газэты «Мужыцкая праўда», выдаванай Кастусём Каліноўскім.

Сьледзтва высьветліла, што Цюндзявіцкі ў карчме барысаўскай вёскі Камень прачытаў адозву паўстанцкага правадыра тамтэйшым сялянам.

Гэта быў самы першы сьмяротны вырак, выкананы ў тым змагарным годзе ў нашай цяперашняй сталіцы. Усе тры месяцы, пакуль разглядалася справа, менчукі спадзяваліся на вызваленьне арыштанта — дарэчы, выхаванца Пецярбурскага кадэцкага корпусу. Аднак начальнік «Северо-Западного края» Мураўёў рабіў стаўку на максымальную жорсткасьць. Расстрэл, які адбыўся ў раёне вуліцы Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), на месцы сёньняшняга сталічнага паштамту, меў паказальны характар і павінен быў запалохаць гарадзкое жыхарства.

Але каты жорстка памыліліся.

Каля сьвежай магілы адразу ж пачаліся штовечаровыя маніфэстацыі. Як пісаў адзін з сучасьнікаў, «туды ішоў незьлічоны натоўп усіх станаў, веравызнаньняў і нацыянальнасьцяў». Менчукі атулялі месца пахаваньня з трох бакоў, і толькі з чацьвертага нэрвова пераступалі з нагі на нагу расейскія вартавыя. Надыходзіў момант, калі людзі ўкленчвалі. Малітвы зьмяняліся песьнямі, а затым чыё-небудзь дзіця зьбірала букеты прынесеных кветак і аздабляла імі магілу.

Відэакамэраў у жандарскіх агентаў тады не было, таму прысутных яны проста перапісвалі. Удзел у мірных пратэстах служыў падставаю для арышту, ды маніфэстацыі не спыняліся, і ўлады мусілі таемна перапахаваць цела расстралянага інсургента.

Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў, у 1906-м, іншы прадстаўнік роду Цюндзявіцкіх — Віктар — выдаў па-беларуску кніжку «Аб чым сёньня гамоняць у нас на Беларусі», увесь наклад якой быў сканфіскаваны.

Яшчэ праз сто гадоў вялікі знаўца тых падзеяў прафэсар Адам Мальдзіс прапанаваў усталяваць на месцы пакараньня сьмерцю Міхала Цюндзявіцкага мэмарыяльны знак. Якой была рэакцыя цяперашніх уладаў, здагадацца няцяжка. Затое непадалёк менчукі аднойчы ўбачылі помнік царскаму гарадавому грэнадэрскага росту. Адкрываў яго тагачасны міністар унутраных справаў, які па сьвятах любіў апранаць форму НКВД.

Будзеце на менскім паштамце — згадайце сьветлай думкаю таго, хто ў 1863-м адным зь першых прыняў сьмерць за вызваленьне нашай зямлі ад расейскіх калянізатараў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 62–63


1897Аляксандар Шлюбскі, літаратуразнавец, этнограф, фальклярыст, бібліёграф.

1953 Васіль Лазоўскі, мастак, пэдагог, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Удзельнікі тых, гістарычных Дзядоў 1988 году памятаюць, як пры канцы нядоўгага мітынгу-рэквіему ў полі паблізу Курапатаў з гушчыні людзкога збою ў цэнтар нашага кола перадалі нейкі скрутак. Праз імгненьне па-над галовамі ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Менавіта тады марознае паветра і скаланула каманда: «Рась-ся-кай!», і на нас з усіх бакоў наляцелі міліцыянты і салдаты ўнутраных войскаў.

Гэта было першае публічнае ўзьняцьце нацыянальнага сьцягу за некалькі дзесяцігодзьдзяў забароны.
Доўгі час імя чалавека, які прынёс з сабою сьцяг, было вядомае толькі вельмі вузкаму колу сяброў. Летапісцы найноўшай беларускай гісторыі губляліся ў здагадках, у публікацыях зьяўляліся заклікі адгукнуцца, дапамагчы адшукаць героя, але адказам было маўчаньне.

Цяпер будзем ведаць: яго звалі Васіль Лазоўскі.

Васіль быў мастаком, лічыў настаўнікамі славутых майстроў Альгерда Малішэўскага і Ядзьвігу Разьдзялоўскую. Трыццаць гадоў ён працаваў выкладчыкам малюнку і жывапісу ў дзіцячай мастацкай школе ў Маладэчне.

Да беларускай супольнасьці роднага гораду Васіль далучыўся задоўга да абвешчанай зьверху перабудовы. Браў удзел у аздабленьні памяшканьня клюбу патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка». Духоўнымі бацькамі гэтага асяродку культуры і вольнай думкі былі гісторыкі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі.

«Хатку» ўпрыгожваў герб «Пагоня», партрэты айчынных літаратурных клясыкаў. Адзін пакой займала мастацкая гасьцёўня Язэпа Драздовіча, яшчэ адзін — музэй Уладзіміра Караткевіча. Потым у Маладэчне ўзьнікла новае гістарычна-краязнаўчае аб’яднаньне — «Крывіч».

Колішні кіраўнік крывічанаў, краязнаўца, літаратар і выдавец Міхась Казлоўскі называе Васіля Лазоўскага самым надзейным сябрам, «прынцыпова беларускамоўным, сьветлым і прыгожым у думках і ўчынках чалавекам, зь якім бясьпечна было размаўляць на любыя тэмы». Васіль ствараў для «Крывіча» вымпэлы і харугву, маляваў вясёлыя
ілюстрацыі для насьценгазэты «Беларусь». У ягонай кватэры захоўвалася ўся забароненая літаратура, там адзначалі Дзень Волі (упершыню ў 1986-м), іншыя нацыянальныя сьвяты.

Акурат з той кватэры сябры і паехалі на Дзяды ў Менск. Мелі пра сабе два пашытыя Васілём сьцягі. Што сталася ў калатнечы зь першым сьцягам, невядома, а вось другі, дублёр, што проста не пасьпелі ўзьняць, потым вісеў у майстэрні Лазоўскага побач з творамі гаспадара.

Пасьля адной зь яго пэрсанальных выставаў хтосьці напісаў у водгуку, што Васіль сваімі карцінамі «стварае ў сэрцах гледачоў сьвятланосны запас, які радуе, цешыць і лекуе чалавечую душу».

Калі гляджу на ягонае «Сьвятло Вострай Брамы», мне хочацца падпісацца пад гэтымі радкамі і неўзабаве зноў узяць квіток да Вільні.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 674–675

У памяці

1937 Аляксандар Чарвякоў, дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б, даведзены да самагубства.

Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў

1954 — памёр Барыс Мікуліч, беларускі пісьменьнік.

1955 — памёр Васіль Рагуля, грамадзка-культурны дзеяч, пасол польскага сэйму, пэдагог, дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі і ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG