Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі палітык, які раіў Ціханоўскай ехаць па падтрымку ў Маскву, сустрэўся зь ёй у Вільні


Сьвятлана Ціханоўская і Рышард Тэрлецкі
Сьвятлана Ціханоўская і Рышард Тэрлецкі

Віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы Рышард Тэрлецкі, які раней раскрытыкаваў Сьвятлану Ціханоўскую і параіў зьвяртацца па дапамогу ў Маскву, а ня ў Польшчу, сустрэўся зь ёй у Вільні.

«Гэта была важная сустрэча, якая прайшла ў сяброўскай атмасфэры. Усе мы падтрымліваем свабодную і дэмакратычную Беларусь», — гаворыцца ў твітары польскага Сэйму.

Раней Рышарду Тэрлецкаму не спадабалася, што падчас візыту ў Варшаву Ціханоўская ўдзельнічала ў мерапрыемствах на запрашэньне мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага. Тшаскоўскі належыць да апазыцыйнай лібэральнай партыі «Грамадзянская плятформа», а Тэрлецкі да кансэрватыўнай «Права і справядлівасьць».

У сваім твітары Тэрлецкі так адрэагаваў на сустрэчы Ціханоўскай з Тшаскоўскім:

«Калі Ціханоўская хоча рэклямаваць антыдэмакратычную апазыцыю ў Польшчы і выступаць на сходзе Тшаскоўскага, то няхай шукае дапамогу ў Маскве, а мы будзем падтрымліваць такую беларускую апазыцыю, якая не на боку нашых апанэнтаў».

Пасьля скандалу, якія выклікалі гэтыя словы, Тэрлецкі напісаў ліст да Ціханоўскай, у якім пералічыў факты, якія, на яго думку, пацьвярджаюць антыдэмакратычнасьць польскай апазыцыі, і дапусьціў, што Ціханоўская прыняла рашэньне сустрэцца з Тшаскоўскім, бо магла ня ведаць, што адбываецца ў Польшчы.

Сустрэчу з Тэрлецкім у сваім твітары пракамэнтавала і Сьвятлана Ціханоўская. Паводле яе, падчас спатканьня была выказана поўная падтрымка беларускаму дэмакратычнаму руху, абвешчана аб працягу стыпэндыяльных праграм для беларускіх студэнтаў і прагучала заява, што ўсе партыі ў Польшчы выступаюць за Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG