Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы часова заблякавалі рух на ўкраінскай мяжы. ФОТА


11–13 чэрвеня беларусы, якія вымушана жывуць ва Ўкраіне, ладзяць акцыі на мяжы з радзімай — у пункце пропуску Новыя Ярылавічы. 12 чэрвеня тут сабралася каля 50 чалавек з Кіева, Адэсы і Чарнігава.

Яны часткова заблякавалі рух на мяжы, запісалі відэазварот да ўкраінскіх уладаў і выказалі салідарнасьць з суайчыньнікамі, якія праводзяць аналягічныя акцыі на межах з боку Літвы і Польшчы.

У звароце да ўкраінскіх уладаў беларусы зазначылі, што не прызнаюць Лукашэнку выбраным прэзыдэнтам. Яны просяць увесьці максымальна магчымыя санкцыі з боку Ўкраіны супраць тэрарыстычнага рэжыму, спыніць закупку нафтапрадуктаў, транспарту, будаўнічых матэрыялаў і прадуктаў, разарваць адносіны з нелегітымнай уладай.

Блізу пункту пропуску беларусы арганізавалі намётавае мястэчка, арганізавалі побыт і харчаваньне. Вечарамі тут праходзяць канцэрты. За парадкам сочыць украінская паліцыя.

Падобныя акцыі праходзяць з 5 чэрвеня ў Польшчы і Літве на заклік Паўла Латушкі, які ўзначальвае Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.

«Мы ня можам чакаць, калі рэжым Лукашэнкі зробіць чарговае злачынства — час пераходзіць да актыўных дзеяньняў, — заявіў на пачатку чэрвеня кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка. — Санкцыі — адзін з інструмэнтаў, каб вызваліць палітвязьняў і арганізаваць новыя сумленныя выбары. Адразу пасьля захопу самалёта з Раманам Пратасевічам многія сусьветныя лідэры заявілі, што рэакцыя на злачынствы будзе хуткай і эфэктыўнай. Мы падтрымліваем гэты падыход, аднак ёсьць засьцярогі, што Эўразьвяз зноў ня зробіць рэальных крокаў дзеля пакараньня Лукашэнкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG