Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 10 чэрвеня: валянтэрам штабу Бабарыкі прысудзілі па 5 гадоў турмы за лазэрныя ўказкі

абноўлена

Палітвязень Ігар Ярмолаў зь сяброўкай, архіўнае фота
Палітвязень Ігар Ярмолаў зь сяброўкай, архіўнае фота

Па ўсёй Беларусі працягваюцца суды над актывістамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Свабода сочыць за працэсамі і выракамі.

3 гады «хіміі» палітвязьню за жнівеньскія падзеі

Суд Ленінскага раёну Менска вынес прысуд палітвязьню Вячаславу Папову. Яго вінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за леташнія падзеі 9-10 і 30 жніўня, а таксама 27 верасьня.

Судзьдзя Юлія Шут пакарала маладога чалавека абмежаваньнем волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

Вячаслава Папова вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе да ўступленьня прысуду ў сілу.

27-гадовага менчука затрымалі 10 сакавіка. Дачакаўшыся, пакуль бацькі зьедуць, сілавікі ўзламалі дзьверы ў кватэры, паклалі яго на падлогу і разьбілі твар.

Вячаслава Папова абвінавацілі ў арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Ён утрымліваўся ў менскім СІЗА№ 1.

Па 5 гадоў валянтэрам Бабарыкі за лазэрныя ўказкі

10 чэрвеня ў Менску чатырох палітвязьняў асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму — менавіта такі тэрмін прасіў пракурор Раман Бізюк, піша «Вясна».

Гэта валянтэры штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты, экс-банкіра Віктара БабарыкіІгар Ярмолаў, Дзьмітры Канапелька, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў.

Іх справу разглядаў суд Маскоўскага раёну Менску. Cудзьдзя Сьвятлана Бандарэнка прызнала ўсіх фігурантаў вінаватымі ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў» і «навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Суд пачаўся ў красавіку. Мужчын абвінавацілі ў набыцьці лазэрных указак. Іх ды іншыя прадметы ў жніўні 2020-га яны нібыта прывезьлі на аўтамабілі маці Ігара Ярмолава да месца, дзе адбываліся «масавыя беспарадкі». Самога Ярмолава падчас затрыманьня 12 жніўня сілавікі жорстка пабілі, зламалі рэбры, у яго было страсеньне галаўнога мозгу. Тыдзень ён праляжаў у шпіталі МУС.

Рашэньнем суду машыну KIA Rio, з дапамогай якога ажыцьцёўлена «злачынства», канфіскуюць у даход дзяржавы. Такі ж лёс напаткаў і лазэрныя ўказкі.

Палітвязьні сваёй віны не прызналі. Пасля прысуду Ігар Ярмолаў выкрыкнуў: «Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!» і зачытаў урывак верша Ўладзімера Караткевіча «Паўлюк Багрым».

О, як хочацца волі!
Жаданая воля, ты чуеш?
Асьвяці мне усьмешкай
Апошнія дні у жыцьці.
Ты маўчыш?
Ты ня чуеш?
Можа, ў дзень, калі ты запануеш,
Верас будзе стагодзьдзі
З разьбітага сэрца расьці.

Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!

Прысутныя, якіх канваіры пасьпешліва выштурхоўвалі з залі, гучна пляскалі асуджаным.

Перапынак у «справе студэнтаў» працягнулі да 17 чэрвеня

Перапынак абвясьцілі пасьля таго, як у студэнта БДУ Ягора Канецкага і ягонага сукамэрніка западозрылі каранавірус. 10 чэрвеня працэс меркавалі працягнуць працэс, але цяпер на карантыне камэра Касі Будзько, паведаміла «Вясна».

На сёньняшняе судовае пасяджэньне прыйшлі пасол Францыі Нікаля дэ Буян дэ Лякост і пасол Румыніі Віярэл Машану, паведаміла «Студэнцкая думка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG