Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьледчы сказаў: „А навошта ён візу рабіў?“». За што затрымалі гомельскага праграміста


Стас Мачалаў

45-гадовага праграміста Стаса Мачалава міліцыя затрымала ў Гомлі 28 траўня. За дзень да гэтага ён зрабіў польскую візу.

«На вобшуку я ўсё пыталася сьледчага — за што схапілі майго сына? Ён сказаў: „А навошта ён візу рабіў?!“» — кажа маці арыштаванага.

Людміла Мачалава з мужам маюць мноства хваробаў, празь якія не выходзяць з дому. «У мужа — арытмія, ён можа пайсьці на вуліцу і ўпасьці. У мяне высокі ціск і хворыя суставы. Стас — наша адзіная надзея і апора... Ён нас даглядаў, прадукты прыносіў. Цяпер ён у турме, невядома за што!» — хвалюецца Людміла.

Цяпер на фоне стрэсу і ў яе, і ў мужа значна пагоршыўся стан здароўя.

Раней Стас Мачалаў быў затрыманы 24 сакавіка. Ён ішоў у Гомлі з кірмашу, нёс дахаты два вялізныя пакункі з прадуктамі. «Я назірала з вакна, як яго акружылі міліцыянты, ён не супраціўляўся, нічога! Яму напісалі ў пратаколе, што ён размахваў рукамі, лаяўся матам... Хто? Стас? Усе людзі ведаюць, які ён выхаваны, дыпляматычны. Ён наогул супраць матаў! Яму далі тады 15 сутак — ні за што», — кажа маці.

Гэтым разам Стаса затрымалі, калі ён выходзіў з прадуктамі з крамы. «Забралі яго, і прадукты, і маю пэнсійную картку, якая была ў яго. Цяпер мне з хворымі нагамі трэба пабегаць па СК і СІЗА, каб яе забраць», — кажа Людміла.

Пасьля затрыманьня да яе прыйшлі зь ператрусам. Было гэта 28 траўня каля 23 гадзіны. Ператрус цягнуўся да 2 гадзіны ночы.

«У мяне ціск падскочыў, і мужу зрабілася блага з сэрцам. Перавярнулі ўсю хату. Забралі тэхніку, тэлефоны, і што дзіўна — адзеньне Стаса. Штаны, кашулі, дзьве кепкі. Пытаюся ў сьледчага: „За што вы забралі майго сына?“. А ён кажа: „А навошта ён візу рабіў?“. Я кажу, што хіба гэта супрацьзаконна? Ён праз тое, што быў на сутках, згубіў працу, хацеў у Польшчу ўладкавацца. А сьледчы сваё: „Рабіў візу — значыць, хацеў зьбегчы!“ Я пыталася — ці ён што скраў, ці забіў каго? Сьледчы кажа, што не, але „суд разьбярэцца“», — гаруе маці.

Яна даведалася, што сыну інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — «масавыя беспарадкі». «Хочуць проста яго да нечага прыплесьці. Ён ні ў чым не вінаваты!» — упэўнена Людміла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG