Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і штрафы 9 чэрвеня: пагрозы электрашокерам, затрыманьні за налепкі, пратаколы на журналістаў


На журналістаў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву ўжо зноў склалі пратаколы і будуць судзіць.

Сілавыя структуры Беларусі надалей перасьледуюць людзей за пратэсты супраць сфальшаваных выбараў і гвалту. Свабода адсочвае гэтыя падзеі. Артыкул абнаўляецца.

Міліцыянты пагражалі жанчыне электрашокерам

Новыя факты катаваньняў у Фрунзэнскім РУУС Менска. Жанчыне пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам, калі яна не падпіша пратакол, на падставе якога яе пазьней асудзілі на 25 сутак арышту.

У пачатку чэрвеня жанчына, імя і прозьвішча якой праваабаронцы не называюць у мэтах бясьпекі, вярталася дадому. Разам зь ёй у ліфт зайшлі двое мужчын і на яе паверсе заявілі, што яны зь міліцыі, будзе ператрус.
Па вэрсіі аднаго з сілавікоў, жанчына «не пускала іх у кватэру, чым перашкаджала законнай дзейнасьці». За гэта на яе склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП.

Падчас ператрусу ў мянчанкі канфіскавалі тэхніку, грошы, каштоўнасьці. Затым яе адвезьлі ў Фрунзэнскі РУУС, дзе склалі яшчэ адзін пратакол паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — падчас допыту нібыта «абразьліва паводзіла сябе ў адносінах да супрацоўнікаў, нецэнзурна лаялася, раскідвала паперы і кінула на падлогу аловак».

Жанчына на судзе ўсё адмаўляла. Расказала судзьдзі Марыі Ярохінай, што міліцыянты пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам. Яна кепска бачыць, а без акуляраў, якія ёй не дазволілі ўзяць, ня можа нічога прачытаць. Таму папрасіла супрацоўнікаў зачытаць пратакол услых, на што атрымала адмову. Каб пазьбегнуць катаваньняў, падпісала паперы.

Нягледзячы на паказаньні і заяву пра ціск з боку супрацоўнікаў РУУС, судзьдзя прызнала жанчыну вінаватай і арыштавала па двух пратаколах на 25 сутак.

Гэта ня першае паведамленьне праваабаронцам аб пагрозах і катаваньнях у Фрунзэнскім РУУС. Па словах яшчэ адной затрыманай, два тыдні там жа жанчыну душылі яе шнуркамі і білі электрашокерам, каб прымусіць разблякаваць тэлефон. Аднак у часе судовых працэсаў на гэта ўвагу не зьвяртаюць і наадварот прысуджаюць максымальныя «суткі».

Пяць магілёўцаў чакаюць абвінавачваньняў у ІЧУ

Упраўленьне ўнутраных праў Магілёўскага аблвыканкаму апублікавала відэа з затрыманьнем двух магілёўцаў, якія расклейвалі на электронным шчыце ўлёткі з абразлівымі выразамі на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна зьвестак праваабаронцаў, імі аказаліся 45-гадовая жанчына і 47-гадовы мужчына. Пры сабе, як сьцвярджае ведамства, у іх выявілі 36 налепак рознага зьместу «з забароненай сымболікай».

Паводле дадзеных, якія атрымала каманда MAYDAY, затрыманымі могуць быць Сяргей Батура і Натальля Яцкава. Іх зьмясцілі ў ІЧУ да прад’яўленьня абвінавачваньня ў межах крымінальнай справы. Мяркуючы па ўсім, яно можа тычыцца арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта).

Акрамя іх, затрымалі яшчэ трох чалавек, чые імёны невядомыя — таксама на 72 гадзіны ў ізалятар УУС Магілёўскага аблвыканкаму і таксама ў рамках крымінальнага працэсу.

Сілавікі вярнуліся да практыкі выкраданьняў

Паводле зьвестак «Вясны», 9 чэрвеня ў Гомлі затрымалі 34-гадовага Яўгена Марынца. Як кажуць сьведкі, з працы мужчыну павезьлі на ператрус у ягоную кватэру. Месцазнаходжаньне і статус гамельчука пакуль невядомыя.

У менскім раёне Грушаўка затрымалі Яўгена Жураўлёва. Гэта адбылося каля «Белаграпрамбанку» на вуліцы Чыгуначнай, імя і прозьвішча ён пасьпеў выкрыкнуць мінакам. Хлопца закінулі ў аўтобус і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Прычыны затрыманьня невядомыя.

На берасьцейскіх журналістаў-фрылянсэраў Алеся Леўчука і Мілану Харытонаву склалі па два пратаколы за інтэрвію са сваякамі асуджаных каля мясцовага Дому правасудзьдзя.

Іх вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. Судовы працэс прызначаны на 18 чэрвеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG