Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу Лукашэнкі асудзілі як найменей 25 чалавек, кажа праваабаронца


За абразу Лукашэнкі цягам 10 месяцаў пасьля выбараў вынесьлі прынамсі 25 абвінаваўчых прысудаў. 17 чалавек адправілі ў папраўчыя калёніі ці ўстановы адкрытага тыпу, расказаў Свабодзе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.

7 чэрвеня ў Магілёве палітвязьню Дзьмітрыю Лукашэвічу прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу).

Яшчэ аднаму магілёўцу Міхаілу Ляпейку пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Згодна з фармулёўкай інкрымінаванай яму 2-й часткі артыкула, ён ужо прыцягваўся да адказнасьці за зьнявагу ці паклёп, або яго раней вінавацілі ў злачынстве. У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва разгляд справы праходзіць у закрытым рэжыме. Абвінавачаны на першае судовае пасяджэньне не зьявіўся. Прадстаўнік яго інтарэсаў не пагадзіўся паведаміць хоць нешта пра падабароннага.

Бабруйчаніну Дзьмітрыю Бабку выставілі абвінавачаньне паводле 1-й часткі артыкула 368 («Публічная зьнявага прэзыдэнта»), якая прадугледжвае да двух гадоў калёніі. У судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну працэс праходзіць адкрыта.

Экспэрт: у большасьці прысудаў не называюцца канкрэтныя выказваньні

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа, што 368 артыкул усё часьцей выкарыстоўваецца для пакараньня актывістаў і людзей, якія наважыліся ў чатах рэзка выказацца пра кіраўніка дзяржавы.

Паводле яго, 17 палітвязьняў ужо адправілі ў папраўчыя калёніі ці ўстановы адкрытага тыпу за зьнявагу Лукашэнкі. Наагул жа ў 25 вядомых яму прысудах згадваецца асобна ці разам зь іншымі гэты артыкул. Адзін асуджаны накіраваны на прымусовае лячэньне.

Павал Сапелка адзначае: праваабаронцы часам ня ведаюць, што маюць на ўвазе суды, заяўляючы аб парушэньні абвінавачаным 368-га артыкула. У большасьці прысудаў не называюцца канкрэтныя выказваньні, за якія чалавека прыцягваюць да адказнасьці. Не гучаць яны нават на самім працэсе, удакладняе ён.

«Судзьдзя агучвае толькі выніковую частку заключэньня экспэрта, у якой гаворыцца, што ёсьць нэгатыўная ацэнка, — і на гэтым усё. Таму мы ня можам ацаніць нават з гледзішча нацыянальнага заканадаўства, ці слушна вынесены прысуд. Гэта не дазваляе гаварыць пра справядлівы судовы разбор», — тлумачыць Павал Сапелка.

«Узурпатар» як падстава для абвінавачаньня

Паводле Паўла Сапелкі, у Берасьцейскай вобласьці за зьнявагу Лукашэнкі асудзілі мясцовага жыхара Вячаслава Кульбу. Ён назваў кіраўніка дзяржавы «ўзурпатарам».

«Можа, гэта і нэгатыўная ацэнка, але я не магу ўгледзець у ёй непрыстойнай формы», — заўважае экспэрт.

Паводле тлумачэньня да 368 артыкула, зьнявага — гэта наўмыснае прыніжэньне гонару, годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.

«Беларусі варта выбіраць, куды рухацца: да дэмакратыі ці чынашанаваньня»

Павал Сапелка лічыць, што артыкула «Зьнявага прэзыдэнта» не павінна быць у беларускім заканадаўстве. Сам ён у гэтым пытаньні прыхільнік дэмакратычнага падыходу, свабоды слова і выказваньня думак. Паводле яго, Беларусі варта выбіраць, у які бок рухацца: да дэмакратыі ці чынашанаваньня.

Экспэрт адзначае: у «Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах» ААН прапісана, што абмежаваньне свабоды слова дапускаецца толькі ў вызначаных выпадках. А крымінальны перасьлед магчымы за найбольш цяжкія парушэньні закону.

Адзінай формай для судовай цяжбы за абразу прэзыдэнта, настойвае суразмоўца, павінен быць грамадзянскі пазоў і абарона правоў у грамадзянскім працэсе, калі парушаныя асабова-немаёмасныя правы.

Што з абвінавачаньнем у абразе кіраўніка дзяржавы ў іншых краінах

Павал Сапелка кажа, што законы аб зьнявазе службовых асобаў і кіраўніка дзяржавы ёсьць і ў дэмакратычных дзяржавах. Там суд — гэта справядлівая дэмакратычная працэдура. Такія справы разглядаюцца з улікам усіх аспэктаў, а ўдзельнік працэсу можа зьвярнуцца са скаргай у Эўрапейскі суд па правах чалавека, калі гаворка ідзе пра эўрапейскую краіну. Акрамя таго, дадае экспэрт, у дэмакратычных дзяржавах такія справы асьвятляе свабодная прэса, што важна для абароны ад парушэньня правоў чалавека.

Павал Сапелка заўважае, што нават у Расеі няма такога закону, як у Беларусі. Там існуе крымінальная адказнасьць за зьнявагу службовай асобы падчас выкананьня службовых абавязкаў. Але такую прававую норму крытыкуюць.

Разам з тым, акцэнтуе ўвагу экспэрт, расейскі Крымінальны кодэкс за зьнявагу прадстаўніка ўлады не прадугледжвае пазбаўленьня волі, як у Беларусі, а максымальнае пакараньне — гэта папраўчыя працы.

«За дыфамацыйныя злачынствы не павінна выкарыстоўвацца крымінальная адказнасьць, — падсумоўвае Павал Сапелка. — Як першы крок на гэтым шляху — трэба выключыць з практыкі пазбаўленьне волі за такія правіны».

У публікацыі выкарыстана інфармацыя інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG