Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачцэ міліцэйскага начальніка з Горадні і яе спадарожніку далі па 15 гадоў турмы ў Нэпале

Аліна Алдошына і Павал Васільеў
Аліна Алдошына і Павал Васільеў

Беларусаў арыштавалі яшчэ ў 2019 годзе ў аэрапорце за перавозку буйной партыі наркотыкаў у куртках.

Гарадзенцам Аліне Алдошынай і Паўлу Васільеву прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ў Нэпале. Маладзёнаў затрымалі 21 сьнежня 2019 году ў Міжнародным аэрапорце Катманду з 6 кіляграмамі какаіну, схаванага ў зімовых куртках, піша «Белсат». Акрамя таго, беларусы мусяць сплаціць кожны па 4300 даляраў штрафу.

Джыван Ніраўля з нэпальскага Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміў, што Алдошына і Васільеў адбываюць пакараньне ў турме ў сталіцы гэтай азіяцкай краіны, а дэпартаваць беларусаў на радзіму ня будуць.

Какаін знайшлі падчас надгляду багажу рэнтгенам у аэрапорце. Маладзёны прыляцелі з Турэччыны і ў той жа дзень мелі сесьці ў самалёт на Ганконг.

Аліна расказвала пасьля затрыманьня, што яны ня ведалі пра какаін і адважыліся на перавоз куртак, бо хацелі хутка зарабіць — Павал зьбіраў грошы на кампутар, каб вучыцца праграмаваньню. На допыце ў паліцыі беларусы прызналіся, што тавар ім перадалі двое грамадзян Балівіі падчас сустрэчы ў гатэлі. Замоўцы сказалі, што курткі прамочаныя нейкім мэдычным прэпаратам. Гарадзенцам абяцалі за працу 2000 даляраў.

Аліна Алдошына — дачка першага намесьніка начальніка АУС і кіраўніка крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Аляксея Алдошына.

6 кг какаіну — вялікі аб’ём наркотыкаў, і такое злачынства ў Нэпале караецца зьняволеньнем ад 15 да 25 гадоў, а таксама штрафам ад $4400 да $22 000.

XS
SM
MD
LG