Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За амфэтамін і гашыш сьпевака Ціму Беларускіх асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». ФОТА

абноўлена

Ціма Беларускіх прыйшоў у суд Маскоўскага раёну Менску
Ціма Беларускіх прыйшоў у суд Маскоўскага раёну Менску

Сьпевака затрымалі 6 студзеня, у яго знайшлі 0,4 г гашышу, у ходзе асабістага вобшуку выявілі яшчэ 0,03 г амфэтаміну, паведаміў тады Сьледчы камітэт.

Працэс у ягонай справе пачаўся сёньня ў 10:30, да будынку суду Маскоўскага раёну Менску Ціма Беларускіх прыехаў а 10-й гадзіне. Зь ім ягоная абаронца, вядомая адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. Ад камэнтароў прэсе ён адмовіўся. Яго адвакатка сказала, што «ў нас цудоўны настрой», паведамляе Tut.by.

Большую частку незалежных СМІ не пусьцілі на пасяджэньне. Афіцыйная прычына — эпідэмічнае становішча. Дэталі допыту Цімы Беларускіх падае «Наша Ніва»:

22-гадовы Ціма Беларускіх (Марозаў) расказаў на судзе пра сябе: мае базавую адукацыю (скончыў толькі 9 клясаў), жанаты, гадуе 5-гадовае дзіця. Жонка мае праблемы са здароўем, плянуе аформіць інваліднасьць. Сам Ціма аформлены як ІП.

Беларускіх расказвае, што ўпершыню ўжыў наркотыкі ў 16 гадоў. Ужываў марыхуану, какаін, той жа гашыш. Ужываў пэрыядычна, набываў рэчывы праз закладкі з тэлефона сябра. Часам у закладках траплялася зусім ня тое, што сьпявак «замаўляў». Напрыклад, летась Ціма хацеў набыць какаін, але ў закладцы аказаўся амфэтамін.

У студзені, перад затрыманьнем, Ціма і ягоны сябра Антон Крывецкі заплацілі 300 рублёў за гашыш. Забралі закладку, пасьля паехалі ў гульнявы клюб. Частку наркотыкаў ужылі, рэшту Ціма паклаў сабе ў кішэню разам з трубкай для ўжываньня. Іх і знайшлі ў яго, калі затрымалі.

Ціма кажа, што з Крывецкім сябруе больш за год. Пазнаёміліся праз агульных сяброў. Абодва раней не судзімыя. Цяпер ім пагражае да 5 гадоў калёніі.

16 сакавіка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць Цімы Беларускіх паводле ч. 1 арт. 328 КК РБ — «незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў». Пакараньне паводле ч. 1 арт. 328 прадугледжвае абмежаваньне волі да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. Цяпер сьпявак не за кратамі, у якасьці меры стрыманьня выбралі заклад.

У судовых спрэчках пракурор папрасіў для Цімы Беларускіх 2 гады «хатняй хіміі», Антону Крывецкаму — два з паловай гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, а меру стрыманьня для яго зьмяніць і вызваліць у залі суду, паведамляе @euroradio.

У выніку суд прызначыў Цімафею Марозаву (Ціме Беларускіх) два гады хатняй «хіміі», Антону Крывецкаму — такое самае пакараньне, паведамляе «Комсомольская правда».

22-гадовага сьпевака Цімафея Марозава, які выступае пад псэўданімам Ціма Беларускіх, затрымалі 6 студзеня, але пра гэта стала вядома толькі 29 студзеня з расейскіх калякрамлёўскіх Telegram-каналаў. Прынамсі некаторы час пасьля затрыманьня сьпявак знаходзіўся дома — запісаў відэа, дзе заяўляў, што зь ім усё нармальна.

Ціма Беларускіх здабыў папулярнасьць у 2018 годзе зь песьняй «Мокрые кроссы», якая стала папулярнай у Расеі і Беларусі, за яе атрымаў шэраг расейскіх узнагародаў. Выдаў два альбомы, шэраг кліпаў і самотнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG