Абвінавачваньне патрабавала прызначыць падсудным ад сямі да 16 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама суд задаволіў у поўным аб’ёме грамадзянскі пазоў Галунова да былых паліцыянтаў аб кампэнсацыі маральнай шкоды па 1 млн рублёў з кожнага.
Івана Галунова затрымалі 6 чэрвеня 2019 года паводле падазрэньня ў захоўваньні наркотыкаў, якое апынулася цалкам беспадстаўным: наркотыкі Галунову падкінулі. Калегі Івана лічылі, што справу супраць яго маглі сфабрыкаваць праз расьсьледаваньні, якімі вядомы журналіст. Пачалася маштабная кампанія ў яго падтрымку, і празь пяць дзён Галунова выпусьцілі, пасьля перад ім ад імя Расейскай Фэдэрацыі выбачылася Генпракуратура.
А яшчэ праз паўгоду былі затрыманыя пяць чалавек, якіх падазраюць у фальсыфікацыі доказаў супраць Галунова. Усе яны — былыя паліцыянты.
Іх абвінавацілі:
- у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, у тым ліку з прымяненьнем гвалту,
- у фальсыфікацыі доказаў і вынікаў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці,
- у незаконным захоўваньні наркотыкаў.
Падкінутыя журналісту Івану Галунову наркотыкі прымусілі журналістаў зьвярнуць пільную ўвагу на існуючую ў Расеі практыку асуджэньня па артыкуле 228, якую прынята называць «народнай». Кожны чацьвёрты зьняволены ў краіне сядзіць па справе пра наркотыкі. Многія асуджаныя — наркаспажыўцы або дробныя распаўсюднікі, «закладнікі». Пры гэтым сярэдні тэрмін па гэтым артыкуле — пяць гадоў.
- У Беларусі артыкул 328 «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў» – адзін з самых жорсткіх у заканадаўстве. Ад 2014 году пад дзеяньне гэтага артыкулу за нібыта распаўсюд наркотыкаў траплялі ў асноўным людзі ва ўзросьце ад 16 да 30 гадоў. Тады Беларусь пазапаўнялі танныя сынтэтычныя наркотыкі, вядомыя як «спайсы» і «сумесі», і ўлады вырашылі змагацца зь імі вялікімі турэмнымі тэрмінамі.
- Крытыкі перакананыя, што пакараньне для асуджаных па 328-м артыкуле ў Беларусі непрапарцыйнае цяжару правіны. У 2019 зьменшылі мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі па гэтым артыкуле на 2 гады. Раней ніжняя мяжа была 5 гадоў за распаўсюд і 8 гадоў за такія ж дзеяньні групай, пасьля – стала 3 і 6 гадоў адпаведна. Верхняя мяжа засталася ў першым выпадку – 8, у другім – 15 гадоў.