Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах пачынаецца судовы працэс аб крушэньні малайзійскага Boeing MH17


Архіўны здымак: Журналісты фатаграфуюць два бартавыя самапісцы са зьбітага самалёта, які ляцеў рэйсам MH17
Архіўны здымак: Журналісты фатаграфуюць два бартавыя самапісцы са зьбітага самалёта, які ляцеў рэйсам MH17

У акруговым судзе Гаагі пачынаюцца ўласна судовыя слуханьні аб крушэньні малайзійскага Boeing MH17 на Данбасе ў ліпені 2014 году. На яго борце былі 298 чалавек — усе загінулі.

Улетку 2019 года пракуратура Нідэрляндаў, грунтуючыся на зьвестках сьледзтва, выставіла абвінавачаньне ў забойстве пасажыраў «Боінга» супраць трох грамадзян Расеі і аднаго грамадзяніна Ўкраіны. Абвінавачанымі зьяўляюцца: былы палкоўнік ФСБ Расеі Ігар Гіркін (Стралкоў), былы падпалкоўнік расейскіх паветрана-дэсантных войскаў Алег Пулатаў, расеец Сяргей Дубінскі і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка. Дзявятага сакавіка 2020 году ў Амстэрдаме пачаліся дасудовыя слуханьні справы аб зьбітым ляйнэры.

Судзьдзя тады адзначыў, што суд мае намер «прасачыць увесь ланцужок аж да расейскага камандаваньня», а Дубінскага, Гіркіна, Пулатава і Харчанку будуць судзіць асобна — у рамках аднаго судовага працэсу.

Усе абвінавачаныя адмовіліся прыбыць у суд. Пулатаў пагадзіўся ўзаемадзейнічаць з судом праз адвакатаў. Яго прадстаўляюць два нідэрляндзкія адвакаты і адзін расейскі.

Ім выстаўлены абвінавачаньні паводле артыкулаў 168 і 289 Крымінальнага кодэксу Нідэрляндаў — у наўмысным зьнішчэньні самалёта і ў наўмысным забойстве. Абодва артыкулы прадугледжваюць зьняволеньне аж да пажыцьцёвага.

Самалёт «Малайзійскіх авіяліній» МН17 быў зьбіты летам 2014 году ў Данецкай вобласьці Ўкраіны. Тады загінулі 298 чалавек — грамадзяне 17 дзяржаў. Паводле вэрсіі Міжнароднай сумеснай сьледчай групы, самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчанай непадалёк ад гораду Сьнежнае на тэрыторыі, якую кантралявалі сэпаратысты самаабвешчанай «ДНР», а сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Паводле вэрсіі сьледчых, устаноўку даставілі на тэрыторыю «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да стрэлу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG