Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны палітык Гудкоў пакінуў Расею


Дзьмітры Гудкоў

Апазыцыйны расейскі палітык, былы дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Дзьмітрый Гудкоў паведаміў у сацсетках, што зьехаў ва Ўкраіну.

Паводле Гудкова, некалькі блізкіх крыніц з асяродзьдзя Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі паведамілі яму, што калі ён не пакіне краіну, то крымінальная справа будзе працягнутая аж да арышту.

«Калі застануся, далі санкцыю вырашыць пытаньне Гудкова любым спосабам», — напісаў палітык, падкрэсьліўшы, што лічыць заведзеную супраць яго справу «высмактанай з пальца» з мэтай не дапусьціць яго да выбараў у Дзяржаўную Думу і «выціснуць з краіны як мінімум да дня галасаваньня».

«Спадзяюся, што з маім ад’ездам заўзятасьць жандараў зьнізіцца. Маё рашэньне падтрымана роднымі і блізкімі мне людзьмі, у адрас якіх таксама паступіла сурʼёзная інфармацыя пра пагрозы і рызыкі», — дадаў Гудкоў, не ўдакладніўшы, на які тэрмін ён зьехаў.

Жонка Дзьмітрыя Гудкова пацьвердзіла агенцтву «РИА Новости» сапраўднасьць гэтых паведамленьняў. Сам Гудкоў сказаў у інтэрвію «РИА Новости», што зьбіраецца ехаць у Варну, дзе знаходзяцца ягоныя бацькі.

На мінулым тыдні Дзьмітры Гудкоў быў затрыманы пасьля ператрусаў, якія прайшлі адразу па дзесяці адрасах, да якіх маюць дачыненьне ён і яго блізкія. Палітыку прысвоілі статус падазраванага ў справе, заведзенай паводдле артыкулу «прычыненьне матэрыяльнай шкоды ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжываньня даверам». Гудкова паліцыя адпусьціла пад абавязаньне аб яўцы ў Галоўнае сьледчае ўпраўленьне МУС.

Дзьмітрый Гудкоў (нар. 1980) у 2018—2020 гг. быў кіраўніком «Партыі пераменаў» і дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі ў 2011–2016. На выбарах 2016 году балятаваўся ў дэпутаты Дзяржаўнай Думы ад партыі «Яблоко» ў аднамандатнай акрузе ў Маскве, аднак ня змог набраць большасьці галасоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG