Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіць на слуханьнях у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗША


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская 9 чэрвеня выступіць на слуханьнях у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗША.

Адпаведны анонс разьмешчаны на сайце камітэту.

Як паведамляе БелаПАН, слуханьні, якія пачнуцца ў 17.00 паводле менскага часу, будуць праходзіць у онлайн-фармаце.

Акрамя Ціханоўскай сьпікерамі заяўленыя амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і прэзыдэнт «Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа» Джэймі Флай.

Як паведамлялася, 1 чэрвеня Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з амэрыканскімі сэнатарамі Джын Шагін, Крысам Мэрфі і Робам Портманам. Яны запрасілі яе ў чэрвені выступіць у камітэце замежных справаў Сэнату.

Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала сэнатарам за прыняцьце «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Яна абмеркавала з сэнатарамі атакі на Hrodna.life, Tut.by, «Белсат» і ўсіх незалежных журналістаў. Ціханоўская прапанавала падтрымаць беларускую службу «Радыё Свабода» і стварыць беларускую рэдакцыю «Голасу Амэрыкі».

Сэнатар Джын Шагін падкрэсьліла, што ў пытаньні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША маюць агульную пазыцыю і будуць падтрымліваць беларусаў. Роб Портман адзначыў, што час заяваў мінуў і надышоў час рашучых дзеяньняў, таму ЗША гатовыя да сэктаральных санкцый, каб спыніць беззаконьне і самавольства рэжыму. Ціханоўская сказала, што «цяпер Лукашэнка — пагроза ня толькі беларускай, але і міжнароднай бясьпецы», і заклікала даць выразны сыгнал Расеі, што «любыя дамовы, падпісаныя зь нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаныя або адмененыя».

На сустрэчы таксама абмяркоўваўся магчымы ўдзел Ціханоўскай у саміце «Вялікай сямёркі». Ціханоўская адзначыла важнасьць сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным і прапанавала падрыхтаваць пазыцыю ад беларускіх дэмакратычных сілаў да гэтай сустрэчы.

Сустрэча Байдэна і Пуціна адбудзецца пасьля саміту «Вялікай сямёркі» (11–13 чэрвеня, Карбіс-Бэй, паўвыспа Карнўол, Вялікабрытанія), куды гатовая прыехаць і расказаць аб сытуацыі Ціханоўская. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў яе ініцыятыву.

Прэс-сакратар Белага дому Джэн Псакі на прэс-канфэрэнцыі 25 траўня паведаміла, што на сустрэчы з Пуціным у Жэнэве прэзыдэнт ЗША мае намер узьняць пытаньне аб Беларусі і выказаць сур’ёзную заклапочанасьць амэрыканскага боку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG