Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН апублікавала даклад аб Беларусі. Асноўныя тэзісы


Жанчына, пацярпелая ад сілавікоў. Менск, 23 верасьня 2020

Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца ў атмасфэры страху, беспакаранасьці і непрыцягненьня да адказнасьці вінаватых, сьцьвярджаецца ў апублікаванай справаздачы спэцдакладчыцы ААН у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Даклад Анаіс Марэн будзе прадстаўлены на 47-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН, якая пройдзе з 21 чэрвеня па 9 ліпеня. Пытаньне Беларусі значыцца ў парадку дня чацьвёртым.

Анаіс Марэн апісвае сытуацыю з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў Беларусі ў 2020 годзе і ў пачатку 2021-га. Яна дакумэнтуе хвалю рэпрэсій доказамі масавых парушэньняў, беспрэцэдэнтных сваімі маштабах і цяжарам, адзначае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

На 24 старонках дакладу ўздымаюцца пытаньні, якія востра паўстаюць у беларускім грамадзтве:

  • права на жыцьцё: сьмяротнае пакараньне і адвольнае пазбаўленьне жыцьця;
  • права на фізычную недатыкальнасць: катаваньні і іншыя жорсткія, бесчалавечыя віды абыходжаньня; адвольныя затрыманьні і ўзяцьце пад варту; гвалтоўныя зьнікненьні; прымусовыя выдварэньні; справядлівасьць судовага разбору;
  • свабода мірных сходаў і асацыяцый: свабода асабістай думкі і яе выказваньня, права на ўдзел у грамадзкім жыцьці;
  • права на здароўе, адукацыю, у тым ліку на беларускай мове і мовах меншасьцяў.

Анаіс Марэн адзначае, што глыбока ўстрывожаная беспрэцэдэнтнай эскаляцыяй парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якая назіралася летась і сёлета.

«Палітычны крызіс і сацыяльныя падзеі яшчэ раз пацьвердзілі цыклічнасьць усплёскаў парушэньняў правоў чалавека ў пэрыяд выбараў у Беларусі, але ў той жа час яны выявілі глыбока ўкаранёныя інстытуцыйныя недахопы дзяржаўнага апарату, у прыватнасьці праваахоўнай сыстэмы і сыстэмы правасудзьдзя, якія выкарыстоўваюцца не дзеля абароны правоў чалавека, а дзеля іх абмежаваньня. Асаблівую заклапочанасьць выклікае той факт, што сытуацыя працягвае пагаршацца ў атмасфэры страху, беспакаранасьці і непрыцягненьня да адказнасьці вінаватых», — піша спэцдакладчыца ААН.

Яна нагадвае свае ранейшыя рэкамэндацыі, якія так і не былі выкананыя, а таксама падтрымлівае парады, сфармуляваныя Вярхоўным камісарам ААН Мішэль Бачэлет у яе дакладзе, асабліва тыя, якія патрабуюць тэрміновых дзеяньняў з боку ўраду Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG