Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З такім асуджаным сутыкнуліся ўпершыню». Магілёўскага праваабаронцу хочуць адправіць з «хіміі» ў калёнію на 2 гады


Праваабаронца Валадар Цурпанаў.
Праваабаронца Валадар Цурпанаў.

Праваабаронцу, аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава судзяць за ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі», сталі дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньне ўнутранага распарадку.

Валадар Цурпанаў, якога праваабаронцы прызналі палітвязьнем, адбываў пакараньне за абразу дзьвюх магілёўскіх судзьдзяў, Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі, у Круглянскай папраўчай установе № 46. У ёй актывіст прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 году. За гэты час на яго наклалі тры спагнаньні і паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці. А затым распачалі крымінальную справу паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу.

Пазыцыя абвінавачаньня

Справу разглядаюць у судзе Круглянскага раёну пад старшынствам Дзьмітрыя Сасноўскага. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе пракурор раёну Міхаіл Андросенка. Ён прапанаваў адправіць падсуднага на 2 гады ў калёнію агульнага рэжыму.

Паводле пракурора, Цурпанаў сыстэматычна парушаў правілы ўнутранага распарадку папраўчай установы. Ён у недазволены час ляжаў і сядзеў на ложку, ягонае спальнае месца не было засланае належным чынам, а на ім і на тумбачцы ляжалі асабістыя рэчы.

Апроч таго, адзначыў прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня, Цурпанаў адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй спэцкамэндатуры прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.

Падставамі для пастаноўкі на прафіляктычны ўлік, як даводзіў адзін з супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, стала адмова асуджанага падпісаць добраахвотнае абавязаньне аб правапаслухмяных паводзінах, а таксама нежаданьне ўдзельнічаць у гуртках самадзейнасьці. Ён нагадаў, што Цурпанаў не прызнаў віны за ўчыненае ім у Магілёве злачынства.

Дапытаныя судом супрацоўнікі спэцкамэндатуры казалі, што Цурпанаў непаважліва гаварыў зь імі, на заўвагі не зьвяртаў увагі, даваць тлумачэньні адмаўляўся. Патрабаваў, каб зь ім гаварылі па-беларуску і афармлялі дакумэнты на беларускай мове. Гэтага яны зрабіць не маглі, бо справаводзтва ў іх расейскамоўнае. Яны прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню.

Што кажа абвінавачаны

Цурпанаў на судзе бараніў сябе сам. Віны не прызнаў, настойваў, што «сьледзтва ў ягонай справе не было». Саму гэтую справу Цурпанаў назваў сфабрыкаванай і прасіў суд спыніць крымінальны перасьлед праз адсутнасьць складу злачынства. Судзьдзя двойчы адмаўляў яму ў зьмяненьні меры стрыманьня — на той падставе, што інкрымінаваны артыкул не прадугледжвае альтэрнатыўнага пакараньня, акрамя як зьняволеньня.

Цурпанаў настойваў, што спэцкамэндатура «мела загад з вобласьці» распачаць крымінальную справу і адправіць яго ў калёнію. На думку падсуднага, пастаноўка на прафіляктычны ўлік стала формай ціску на яго. Ён прасіў суд прызнаць яе незаконнай. Казаў, што на ягоным ложку павесілі жоўтую бірку з надпісам, што асуджаны «схільны да дэструктыўных дзеяньняў».

Паводле Цурпанава, супрацоўнікі не тлумачылі, як абскарджваць спагнаньні. На судзе ён дамагаўся ад іх, каб назвалі падставы, якія забараняюць асуджаным сядзець і ляжаць на ложках удзень. Такое патрабаваньне назваў дурнотаю. Супрацоўнікі спэцкамэндатуры адказвалі, што гэта рэглямэнтавана інструкцыямі для службовага карыстаньня. Абвінавачаны зьвярнуў увагу суду, што даслаў зварот у Міністэрства ўнутраных спраў, каб там перагледзелі патрабаваньне наконт ложкаў.

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Са слоў Цурпанава, ён адмовіўся працаваць на вызначаным прадпрыемстве, бо там не маглі гарантаваць яму «ідэальных» умоваў выкананьня правілаў бясьпекі, абароны правоў работніка ды заробку ў 900 рублёў. Акрамя таго, даводзіў ён, зрок не дазваляе яму рабіць зваршчыкам — а якраз у такім работніку мела патрэбу арганізацыя. Былому выканаўцу абавязкаў начальніка спэцкамэндатуры Цурпанаў прапанаваў напісаць рапарт на ануляваньне спагнаньня за адмову працаўладкоўвацца.

Цурпанаў адзначыў, што дзякуючы яму адчынілі адну з прыбіральняў у спэцкамэндатуры. За ягоныя сродкі для яе набылі люстэрка, сродкі гігіены ды неабходныя рэчы для догляду ўнітазаў. На погляд абвінавачанага, гэтага было дастаткова, каб скасаваць адно са спагнаньняў.

Па словах Цурпанава, кіраўніцтву спэцкамэндатуры ён прапаноўваў зладзіць курсы беларускай мовы. На судзе ён прасіў, каб зь ім таксама гаварылі па-беларуску, але пракурор і судзьдзя не задаволілі хадайніцтва, патлумачыўшы адмову тым, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.

За беларускую мову, паведаміў абвінавачаны на працэсе, яго пакаралі карцарам у сьледчым ізалятары Магілёва, дзе ўтрымліваюць пасьля «хіміі». Там таксама ён патрабуе ад супрацоўнікаў гаварыць зь ім па-беларуску. Адмову разглядае як дыскрымінацыю і парушэньне канстытуцыйных правоў.

Хто такі Цурпанаў

  • Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ.
  • У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары.
  • У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва.
  • 1 верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні.
  • 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны.
  • Да зьняволеньня рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG