Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанаму на тры гады «хіміі» лідэру пратэстаў у Магілёве пагражае турма за «ляжаньне на ложку, незасланую пасьцель і адмову працаваць»


Валадар Цурпанаў у судзе Круглянскага раёну
Валадар Цурпанаў у судзе Круглянскага раёну

У Круглым за «ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу» (415 арт. КК) судзяць праваабаронцу і аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі», стала, як адзначана ў абвінавачаньні, парушэньне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове. Падсудны сваёй віны не прызнае і заяўляе, што «сьледзтва ў ягонай справе не было».

Як Цурпанаў трапіў на «хімію» і што яму інкрымінуюць цяпер

У папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 46, што ў райцэнтры Круглае, Валадар Цурпанаў трапіў за абразу дзьвюх магілёўскіх судзьдзяў — Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі. Ён рэзка выказаўся пра іх падчас разгляду адміністрацыйных справаў. Вырак судзьдзі Магілёўскага раённага суду Аляксандра Халадцова праваабаронцы палічылі палітычна матываваным і зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй права на выказваньне грамадзянінам сваіх думак.

На «хіміі» ў Круглым Цурпанаў прабыў з 5 лютага па 10 сакавіка 2021 году. Калі распачалі крымінальную справу, яго вывезьлі з спэцкамэндатуры ў магілёўскую турму № 4. У ёй актывіст знаходзіўся да суду.

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 46
Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 46

На працэсе ў Круглянскім судзе старшынюе судзьдзя Дзьмітры Сасноўскі. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе пракурор Міхаіл Андросенка. Падсудны бароніць сябе сам. На пачатку суду зварот абвінавачанага, каб зь ім гаварылі па-беларуску, пакінулі без задавальненьня. Пракурор і судзьдзя аргумэнтавалі адмову тым, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы. Большасьць хадайніцтваў абвінавачанага, тым ня менш, судзьдзя падтрымаў. Сярод іх допыт начальніка спэцкамэндатуры.

Паводле абвінавачваньня, крымінальную справу на Цурпанава завялі таму, што за час знаходжаньня ў папраўчай установе яе супрацоўнікі не аднойчы засьпявалі яго, калі ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, сваё спальнае месца ён не засьцілаў належным чынам, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.

У абвінавачваньні адзначана, што Цурпанаў адмовіўся працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй папраўчай установы прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства асуджаны абавязаны працаваць там, куды яго накіроўваюць.

За ўсе гэтыя парушэньні на асуджанага спачатку накладалі спагнаньні, а потым распачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад адбываньня ім пакараньня. Супрацоўнікі папраўчай установы адзначалі, што асуджаны непаважліва гаварыў зь імі, на заўвагі не зьвяртаў увагі, даваць тлумачэньні адмаўляўся.

Што кажа Цурпанаў

Сваёй пазыцыі адносна крымінальнага перасьледу Валадар Цурпанаў пакуль не выказваў. Ён лічыць, што «сьледзтва ў ягонай справе не было», а адмову ў просьбе вызваліць яго з-пад варты, зь якой ён зьвяртаўся да працэсу, разглядае як перадузятасьць суду да сваёй асобы.

Цурпанаў казаў, што адмовіўся ад працы, вызначанай яму адміністрацыяй папраўчай установы, бо там не маглі гарантаваць яму «ідэальных» умоваў ды заробку ў межах 900 рублёў. Акрамя таго, даводзіў ён, зрок не дазваляе яму рабіць зваршчыкам. Па словах асуджанага, кіраўнік прадпрыемства пагадзіўся, што такі работнік ім не патрэбны. Калі ж суд дапытваў кіраўніка, той не згадаў, ці ішла гаворка пра здароўе Цурпанава.

Цурпанаў у судзе
Цурпанаў у судзе

У ранейшых сваіх камэнтарах зьняволены актывіст тлумачыў, што не выконваў загадаў супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, бо яны, настойваў ён, парушаюць чалавечы гонар і годнасьць асуджанага. Патрабаваньне сядзець толькі на зэдліку — гэта, паводле Цурпанава, катаваньне. Свае дзеяньні ён называў «грамадзкім непадпарадкаваньнем». Яго абурала, што супрацоўнікі ня ведаюць беларускай мовы. На відэаматэрыялах зафіксавана, як ён просіць гаварыць зь ім па-беларуску, а супрацоўнікі адказваюць, што ён разумее расейскую.

На допыце ў судзе адзін з супрацоўнікаў адзначыў, што Цурпанаў адмаўляўся падпісваць пастановы аб накладаньні спагнаньняў, бо яны аформленыя не на беларускай мове. Складаць іх па-беларуску, прызнаўся міліцыянт, ва ўстанове не маглі, бо справаводзтва ў іх расейскамоўнае. На такое тлумачэньне Цурпанаў адрэагаваў пытаньнем, ці ўсьведамляе сьведка, што ў такім разе парушаюцца ягоныя правы.

Круглянскі суд
Круглянскі суд

Між судовымі пасяджэньнямі падсуднага трымалі ў Круглянскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Цурпанаў заявіў у судзе, што там сутыкнуўся з «катаваньнем». Паводле абвінавачанага, у камэры было холадна. Ён быў пазбаўлены магчымасьці рыхтавацца да працэсу, бо яму далі абмежаваную колькасьць паперы. Двойчы за ноч супрацоўнікі падымалі яго і патрабавалі назваць імя і прозьвішча. Акрамя таго, пасьцельную бялізну выдалі толькі на ноч, а, відэаназіраньне, настойваў ён, захоплівала нават прыбіральню, у якой да таго ж быў няспраўны мэханізм змыву. Цурпанаў прасіў суд вынесьці прыватнае вызначэньне кіраўніцтву ізалятара.

Працэс працягнецца 31 траўня.

Хто такі Цурпанаў

Валадар Цурпанаў — актывіст апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва.

Цурпанаў на адным з судовых працэсаў у Магілёве
Цурпанаў на адным з судовых працэсаў у Магілёве

1 верасьня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны. Да зьняволеньня рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG