Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абвясьціла санкцыі супраць ЗША: узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне ліку дыпляматаў


Начальнік ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз.
Начальнік ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз.

Іх увядуць у якасьці адказу на санкцыі Вашынгтона адносна буйных дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі.

У ліку санкцый, якія ўвядзе афіцыйны Менск супраць Злучаных Штатаў, — скарачэньне дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амэрыканскай дыпляматычнай місіі, узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне працы амэрыканскіх спэцыялістаў у Беларусі на часовай аснове, паведамляе сайт МЗС Беларусі.

«Намі таксама адклікана рашэньне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША дзеля міжнароднага разьвіцьця», — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Глаз назваў санкцыі ЗША стасоўна Беларусі «незаконнымі дзеяньнямі, якія супярэчаць міжнароднаму праву і нанясуць шкоду працоўным калектывам, простым беларускім грамадзянам».

У Беларусі з 2008 году не працуе амбасадар ЗША, ён быў адкліканы на патрабаваньне Менску пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцый ЗША ў 2008 годзе, тады ж склад амбасады ЗША быў скарочаны з 35 да 5 дыпляматаў.

У ЗША яшчэ ранейшай адміністрацыяй у 2020 прызначылі новага амбасадара ў Менску Джулі Фішэр, але ў Менск яна так і не прыехала. Пабывала ў сталіцах краін Эўразьвязу, сустракалася з прадстаўнікамі іх урадаў, а таксама са Сьвятланай Ціханоўскай. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» яна заявіла, што ёй не даюць беларускую візу для ўезду.

Санкцыі ЗША супраць афіцыйнага Менску

3 чэрвеня зноў уступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Рашэньне размарозіць гэтыя санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала яшчэ 19 красавіка. Беларускае Міністэрства замежных спраў тады заявіла, што Беларусь «рэзэрвуе асымэтрычны адказ і для амэрыканскага боку».

Днямі ​ЗША асудзілі падзеі, зьвязаныя з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair 23 траўня, і прыпынілі выкананьне пагадненьня зь Беларусьсю аб паветраных зносінах. Злучаныя Штаты таксама абвясьцілі, што разам з Эўразьвязам распрацоўваюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Хто трапіў пад цяперашнія санкцыі:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно»
  • ААТ «Лякафарба»
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG