Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І вось так я выжыў / выжыла». Псыхатэрапэўтка аб прычынах суіцыдаў і спосабы выхаду з працяглага стрэсу


1 чэрвеня. Палітвязень Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства ў залі суду. Ілюстрацыйнае фота.
1 чэрвеня. Палітвязень Сьцяпан Латыпаў пасьля спробы самагубства ў залі суду. Ілюстрацыйнае фота.

Размаўляем з псыхатэрапэўткай Яўгіньняй Тачыцкай пра тое, як захаваць раўнавагу ў драматычныя часы, якую агульную траўму перажывае грамадзтва і чаму гэта вынік ня толькі апошняга году.

Гаворым пра асаблівасьці жыцьця ў закрытай краіне, а таксама пра тое, хто стрэсуе болей — тыя, хто дэманструе сілу і рэпрэсуе, ці тыя, хто ўсьміхаецца, пачуўшы жорсткі, несправядлівы прысуд.

Глядзіце размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • Псыхапаты сярод тых, хто чыніць гвалт, ёсьць, але іх вельмі няшмат
  • Большасьць людзей адчуваюць стрэс, прычыняючы боль, таму сілавікі праходзяць спэцыяльныя трэніроўкі, якія аслабляюць гэтыя рэакцыі.
  • Самагубства — адна з крайніх праяваў дэпрэсіі, і яно можа быць апошняй формай просьбы аб дапамозе, а можа быць актам адчаю і безнадзейнасьці.
  • Умовы стрэсу наш арганізм успрымае як пагрозу жыцьцю. Гэта значыць, ён спрабуе замерці, змагацца або ўцякаць.


«Беларусы ўжо больш за год жывуць у хранічным стрэсе»

— Апошнія месяцы стала вядома пра шэраг самагубстваў — лекара, міліцэйскіх начальнікаў, юнака, падазраванага ў масавых беспарадках, была спроба суіцыду Сьцяпана Латыпава. Не пра ўсе самагубчыя настроі і намеры вядома. Наколькі гэта характарызуе стан працяглай траўмы, у якім жыве беларускае грамадзтва?

Псыхатэрапэўтка Яўгіньня Тачыцкая
Псыхатэрапэўтка Яўгіньня Тачыцкая

— Беларусы, незалежна ад палітычных і этычных поглядаў, ужо больш за год жывуць у хранічным стрэсе. Спачатку праз Covid-19, сьледам — выбары і рэпрэсіі. Рэакцыя арганізму на востры стрэс — прыстасавальная, неабходная для выжываньня. Але пры хранічным стрэсе арганізм зьнясільваецца, што выліваецца ў разнастайныя захворваньні (дзе тонка, там і рвецца), у тым ліку дэпрэсію. Самагубства — адна з крайніх праяваў дэпрэсіі, і яно можа быць апошняй формай просьбы аб дапамозе, а можа быць актам адчаю і безнадзейнасьці.


«Боль, гнеў і сорам перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне»


— Чаму тое, што адбываецца ў Беларусі, ня вынік апошняга году, ня толькі вынік прэзыдэнцтва Лукашэнкі?

— Існуе тэорыя аб траўме пакаленьняў, у яе ёсьць доказы, якія ўключаюць і наяўнасьць зьменаў на генэтычным узроўні, хоць некаторыя спэцыялісты аспрэчваюць гэтую тэорыю. Сутнасьць у тым, што калі соцыюм пераносіць глябальныя траўматычныя падзеі: вайна, катастрофа, рэпрэсіі, — гэта накладае на большасьць пэўны спосаб паводзін, рэагаваньня, адносіны да сытуацыі, што перадаецца нашчадкам. Калі выказацца эмацыйна, то боль, гнеў і сорам перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне, пакуль не затухнуць ці ня вырашацца якім-небудзь чынам. На такіх траўмах часта спэкулююць палітыкі.

Вельмі важна, каб такія траўмы была перажытыя, «перавараныя» грамадзтвам, уключаныя ў сваю ідэнтычнасьць. У гэтым сэнсе, скажам, траўма Другой сусьветнай вайны, мне здаецца, больш-менш засвоеная, у гэтай гісторыі беларусы адчуваюць сябе пацярпелымі, але героямі, якія выжылі — і прызнаныя ў гэтай якасьці сусьветнай супольнасьцю.

А вось траўма сталінскіх рэпрэсій да гэтага часу не «разабраная», многія беларусы да гэтага часу саромеюцца і замоўчваюць інфармацыю аб сваіх рэпрэсаваных продках, у грамадзтве няма кансэнсусу з гэтай нагоды. Вельмі важна, каб ня толькі пацярпелы ўсьвядоміў сябе не як ахвяру, а як таго, хто выжыў, але і каб астатні соцыюм падтрымаў яго і асудзіў гвалтаўніка — а гэтага на постсавецкай прасторы так да канца і не адбылося.

Другі момант. Дзеці вайны былі нацэленыя на выжываньне: не да сантымэнтаў, накормлены, здаровы — і добра. Іх дзеці вырасьлі гіпэрадказнымі, паслухмянымі, яны шукаюць прызнаньня ў соцыюму, паколькі ў бацькоў яго атрымаць было складана (хіба што за ўпартую працу). Памятаеце: «Здесь мерилом работы считают усталость»? Таксама важная ўстаноўка гэтага пакаленьня: «Абы не было вайны». Людзі, якія ваявалі, героі, нам такімі ніколі ня стаць. Маё пакаленьне — наступнае. Нашы бацькі «ўкалывалі», і мы атрымалі час на чытаньне і асэнсаваньне, самастойны пошук — і тут прыходзіць перабудова.

Калі грамадзтва аказваецца ў сытуацыі няўпэўненасьці, безуладзьдзя, разбурэньня ўстаноўленага парадку, яно шукае выхад: а) у падзеле сьвету на чорнае і белае, ворагаў і сяброў; б) у выцясьненьні ўсяго, што гэтаму супярэчыць, грамадзтва проста перастае заўважаць гэта. Як правіла, пры гэтым «на хвалі» аказваецца харызматычны лідэр, які кажа: я ведаю, як трэба. І далей соцыюм можа надоўга затрымацца ў гэтым стане або перажыць яго, стаць на ногі і вярнуць сабе сваю цэльнасьць, пачаць заўважаць адценьні і паважаць меркаваньні, што адрозьніваюцца ад звыклых. Будзем спадзявацца, што мы рухаемся менавіта ў гэты бок.

«Гвалт — найпрасьцейшая, прымітыўная рэакцыя, каб справіцца з сытуацыяй»


— Які псыхалягічны партрэт чалавека, людзей, якія такім чынам спрабуюць утрымаць уладу? І што адчуваюць людзі, якія ўсё гэта выконваюць?

— Псыхапаты сярод гэтых людзей ёсьць, але іх вельмі няшмат. Гвалт — найпрасьцейшая, прымітыўная рэакцыя, каб справіцца з сытуацыяй. Скажам, дамовіцца з апанэнтам — гэта патрабуе вялікіх навыкаў, больш дарослых адносінаў.

Сілавыя структуры патрыярхальныя і герархічныя па сутнасьці, гвалт ажыцьцяўляецца зьверху ўніз, дзе кожны — бездапаможнае дзіця перад вышэйстаячым і аўтарытарны бацька ў адносінах да ніжэйстаячых. Вялікую ролю ў гэтай структуры адыгрываюць страх і прывычка падпарадкоўвацца.

Важны таксама фактар: «Тут так прынята». Мы як сацыяльныя істоты схільныя падладжвацца пад нормы паводзінаў, прынятыя ў нашым мікрасоцыюме: прынята біць — будзем біць. Мала хто можа гэтаму супрацьстаяць. Трэба дадаць, што большасьць людзей адчуваюць стрэс, прычыняючы боль, калецтва, забіваючы сабе падобных — таму сілавікі праходзяць спэцыяльныя трэніроўкі, якія аслабляюць гэтыя рэакцыі.

«Становіцца лягчэй, калі бачыш, што зьняволеныя захоўваюць сілу духу»


— Як бы вы патлумачылі тое, што людзі на свабодзе чэрпаюць энэргію ад тых, хто за кратамі? І калі мы бачым свабодных, сьветлых людзей з усьмешкамі ў клетцы, гэта дае магчымасьць трымацца тым, хто іх чакае і хто за іх перажывае?

— У часткі людзей гэта комплекс «віны таго, хто выжыў». Маю на ўвазе, што многія людзі, якія адседзелі «суткі», кажуць пра тое, што ім больш складана зараз думаць пра тых, хто сядзіць, чым было сядзець самім. Становіцца лягчэй, калі бачыш, што зьняволеныя захоўваюць сілу духу. Плюс, людзі такія істоты, што ім патрэбныя героі, узоры для перайманьня: калі ён/яна так стойка гэта пераносіць, значыць, і я змагу.

— Цяпер за кратамі можа апынуцца практычна любы чалавек. Да чаго трэба быць гатовым, як не зламацца і захаваць сябе ў зьняволеньні, і чаму слушнае ізраільскае стаўленьне да сваіх у палоне?

— Пачнем з ізраільцаў. Мне здаецца вельмі важным тое, што яны ставяць жыцьцё і цэласнасьць чальца свайго грамадзтва вышэй за ўсё астатняе — гэта наймацнейшая падтрымка і вельмі важны фактар прафіляктыкі посттраўматычнага сындрому. Стаўлюся да гэтай пазыцыі зь вялікай павагай. Гэта тая самая падтрымка грамадзтва, пра якую я казала вышэй, расказваючы пра траўму пакаленьняў.

«Калі ёсьць „навошта“ жыць, можна вынесьці любое „як“»


— Як магчыма захаваць раўнавагу ў драматычныя гадзіны, асабліва апынуўшыся ў практычна закрытай краіне?

— Першае. Віктар Франкл, вядомы нямецкі псыхіятар, які перажыў канцлягер, казаў: «Калі ёсьць „навошта“ жыць, можна вынесьці любое „як“». (На самай справе Франкл, у сваю чаргу, цытаваў Ніцшэ.) Гэта праўда, важна знайсьці і ўвесь час памятаць, навошта асабіста вам неабходна захаваць стойкасьць, выжыць і не зламацца. Не абавязкова глябальная мэта — магчыма, гэта ўбачыць сваё дзіця, зьдзейсьніць вандроўку, вырасьціць клюмбу, урэшце.

Другое. Вельмі важная падтрымка іншых. Гэта як у гісторыі пра калектыўную траўму, вельмі важна, каб былі людзі, якія падзяляюць вашыя ідэі і мэты, якія падтрымліваюць вас, якія асуджаюць вашых гвалтаўнікоў. Важна не забываць, што яны ёсьць — прычым памятаць канкрэтных людзей, у якіх вы ўпэўненыя, нават калі вам кажуць, што ўсе вас здалі і падставілі. Таму так важныя лісты.

Трэцяе. Гэта праца зь целам. Умовы стрэсу наш арганізм успрымае як пагрозу жыцьцю. Арганізм рэагуе ня толькі карой галаўнога мозгу, асэнсоўваючы сытуацыю, але і эмацыйна, і на ўзроўні базавых сыстэм выжываньня. Гэта значыць, ён спрабуе замерці, змагацца або ўцякаць. Аднак арганізм не разьлічаны на працяглае знаходжаньне ў гэтым стане. Таму неабходныя цялесныя практыкаваньні. Асабліва добра задзейнічаць па чарзе правую і левую паловы цела — гэта дапамагае «разгрузцы» мозгу. Напрыклад, практыкаваньне для дзяцей у стрэсе — добрае і для дарослых — абняць сябе рукамі за плечы і па чарзе пляскаць то па левым, то па правым плячы.

Чацьвёртае. Выказвайце свае эмоцыі: малюйце, пішыце, калі гэта магчыма. «Шмякайце» што-небудзь рукамі, напрыклад, адзеньне. Расказвайце сабе гісторыю пра сваё зьняволеньне, у канцы якой будзе выснова: «і вось так я выжыў/выжыла». Менавіта такія дзеяньні, якія, магчыма, уяўляюцца нязначнымі або сьмешнымі, могуць стаць вашымі прыступкамі зь ямы працяглага стрэсу і цяжкіх перажываньняў да яснасьці, спакою, разуменьня сваёй сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG