Самалёт авіякампаніі «Белавія» рэйсам B2 8284, які ляцеў з Хургады ў Менск, экстрана сеў у расейскім Краснадары. Ён вылецеў з эгіпецкага аэрапорту ў 20:18, а ў 2:05 мусіў прызямліцца ў сталіцы Беларусі, аднак нечакана зьмяніў напрамак і прызямліўся ў аэрапорце Краснадару каля гадзіны ночы.
На самалёце адбылася ўцечка паліва, пра няспраўнасьць паліўнай сыстэмы экіпаж беларускага Boeing 737, увайшоўшы ў паветраную прастору Расеі, паведаміў дыспэтчару. Той прапанаваў перапыніць палёт і сесьці на запасны аэрадром у Краснадары, інфармуюць «Кубанские новости».
Пасадка прайшла пасьпяхова, але далейшую эксплюатацыю ляйнэра прыпынілі.
«Белавія» накіравала запасны самалёт з тэхнічным пэрсаналам для высьвятленьня прычын і ліквідацыі няспраўнасьці. Ён забраў пасажыраў з Краснадару і а 12:23 прызямліўся ў менскім аэрапорце.