Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 году строгага рэжыму. Агучылі прысуд яшчэ 13 фігурантам «карагоднай справы»


Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020

У Берасьці ў «справе карагоду» вынесьлі ўжо 4 прысуды. Агулам асудзілі ўжо 45 асобаў, 4 зь іх адправілі ў калёнію.

3 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця асудзілі пятую частку фігурантаў «карагоднай справы». 13 асобаў абвінавацілі паводле ч. 1 артыкулу 342 за ўдзел 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава. У той дзень для разгону пратэстоўцаў сілавікі ўжылі вадамёт.

Судзьдзя Яўген Брэган (30 красавіка ён, сярод іншага, прысудзіў 14 фігурантам «пінскай справы» ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. — РС) пакараў:

Палітвязьня Аляксандра Храпко (ад сярэдзіны сакавіка знаходзіцца ў Берасьцейскім СІЗА № 7) — 1 годам калёніі строгага рэжыму (плюс улічыць неадбыты 1 месяц пазбаўленьня волі па рашэньні іншага суду),

Палітвязьняў Радзівона Медушэўскага і Ігара Вінакурава (яны ад сярэдзіны сакавіка да абвяшчэньня прысуду знаходзіліся ў Берасьцейскім СІЗА № 7) — 1 годам 6 месяцамі «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, іх вызвалілі ў залі суду),

Ільлю Палхоўскага — 2 гадамі «хіміі» (абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу),

Андрэя Аніскевіча — 1 годам 6 месяцамі «хіміі»,

Алену Лойка, Галіну Чугунову — 2 гадамі «хатняй хіміі»,

Мужа і жонку Андрэя Нямірскага і Кацярыну Смірнову, Соф’ю Нішт, Мікіту Уварава, Дзьмітрыя Курганава, Сяргея Ксянжука — 1 годам 6 месяцамі «хатняй хіміі».

31 траўня такія ж самыя тэрміны для фігурантаў «карагоднай справы» запрасілі дзяржабвінаваўцы. Раней, у ходзе судовых паседжаньняў з 13 абвінавачаных сваю віну цалкам прызналі 8 чалавек, усе астатнія прызналі віну часткова.

У чым абвінавацілі падсудных?

Усіх іх абвінавацілі паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»).

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў.

У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.

У Берасьці на гэты момант у «справе карагоду» вынесьлі ўжо 4 прысуды. Агулам асудзілі ўжо 45 асобаў, 4 зь іх адправілі ў калёнію.

Суд над чацьвёртай часткай фігурантаў яшчэ працягваецца. Справу разглядае судзьдзя Сяргей Маручак. 28 траўня пракуроры Аляксей Ярошык і Аляксандар Плышэўскі запатрабавалі 12 падсудным «хімію» і «хатнюю хімію».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG