Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі


Генпракурор Беларусі Андрэй Швед пачаў крымінальную справу за распальваньне нацыянальнай варожасьці ў дачыненьні да мэра Рыгі Мартыньша Стакіса і міністра замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарcа Рынкевічcа.

Паводле генпракурора, злачынныя дзеяньні палягаюць «у публічным зьняцьці і замене сымбалю сувэрэннай Беларусі — дзяржаўнага сьцяга, які быў усталяваны ў цэнтры Рыгі ў сувязі з удзелам нацыянальнай каманды ў чэмпіянаце сьвету па хакеі, на бел-чырвона-белае палотнішча», — паведамляе Генпракуратура ў Тэлеграме.

Генпракурор лічыць гэта «зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі, які зьняважыў нацыянальную годнасьць беларусаў».

Крымінальную справу завялі паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэксу Беларусі, для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня яе накіравалі ў Сьледчы камітэт.

Юрыст зь Менску, якога Свабода папрасіла пракамэнтаваць гэты выпадак, зазначыў, што завесьці такую справу можна: «Яны ўгледзелі, што пасягнулі на інтарэсы, якія абараняюцца нашым законам. Але справа ня будзе мець разьвіцьця».

Пры гэтым ён спаслаўся на ч.2 арт. 6 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога «замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства, якая не пражывае пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь, якія зьдзейсьнілі злачынствы па-за межамі РБ, падлягаюць адказнасьці паводле гэтага Кодэксу ў выпадках зьдзяйсьненьня цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, накіраваных супраць інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

«Гэта цяжкае злачынства. Таму фармальна яны маглі завесьці справу», — дадаў юрыст.

24 траўня ў цэнтры Рыгі мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе ўсталяваныя сьцягі краінаў — удзельніц чэмпіянату сьвету па хакеі. Як сказаў пры гэтым мэр Рыгі, «сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».

Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль назваў непрымальнай замену афіцыйнага сьцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе. На гэта мэр Рыгі адказаў, што бел-чырвона-белыя сьцягі застануцца на месцы, а замест гэтага здымуць сьцягі IIHF.

25 траўня мэрыя Вільні ўсьлед за Рыгай вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG