Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнэ Фазэль назваў непрымальнай замену афіцыйнага сьцяга на бел-чырвона-белы падчас хакейнага чэмпіянату ў Рызе


Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, архіўнае фота.
Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, архіўнае фота.

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль асудзіў замену афіцыйнага сьцяга Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй ў цэнтры Рыгі 24 траўня.​

«Мы адправілі ліст мэру Рыгі. Гэта непрымальна для нас,» — цытуе Фазэля спартовае выданьне Tribuna.com.

21 траўня ў Латвіі стартаваў хакейны чэмпіянат сьвету. Адпачатку турнір плянаваўся ў Рызе і Менску, аднак праз палітычную сытуацыю беларускую частку анулявалі.

У цэнтры Рыгі ўсталяваныя сьцягі краінаў-удзельніц чэмпіянату. 24 траўня мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй.

Пасьля гэтага надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару Латвіі ў Беларусі Эйнарсу Сэманісу ўлады Беларусі запрапанавалі на працягу сутак пакінуць Менск. У адказ Латвія абвясьціла, што высылае з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў.

Напярэдадні старту спаборніцтваў Рэнэ Фазэль расказваў у падкасьце Eisbrecher, чаму шкадуе пра адмену гульняў у Менску. У прыватнасьці, ён паўтарыў свой тэзіс, што спорт «мог бы зблізіць уладу і апазыцыю ў Беларусі».

«Мы з Лукашэнкам даўно ведаем адзін аднаго, разам гулялі на аматарскіх турнірах, я быў судзьдзёй. Ён неверагодна адданы спорту. А потым паўстала гэтая дурная гісторыя з выбарамі ў жніўні. Падчас нашай размовы сказаў мне: „Я ведаю, у якой сытуацыі знаходзіцца твая асацыяцыя, і дапускаю, што табе прыйдзецца прыняць рашэньне...“ Урэшце, гэта сапраўды залежыць ня толькі ад мяне, а і ад краін-удзельніц. Я ведаў, што паўночныя краіны (Фінляндыя, Нарвэгія, Данія, Швэцыя) зазнаюць палітычны ціск, што, на мой погляд, вельмі дрэнна», — адзначыў Рэнэ Фазэль.

Далей ён панаракаў, што канчаткова перавярнулі ўсю справу спонсары, якія пад ціскам міжнароднай супольнасьці адмовіліся фінансаваць турнір у выпадку яго правядзеньня ў Беларусі. Пры гэтым ён не згадаў, што за гэта брэнды Škoda, Nivea, Liqui Moly былі выгнаныя зь беларускага рынку.

«Я лічу, што спонсары павялі сябе нядобра. Мы страцілі выдатную магчымасьць аднавіць пэўны балянс з дапамогай гэтых спаборніцтваў. Каб паехалі ў Менск, сытуацыя магла б супакоіцца. Чэмпіянат сьвету варта было выкарыстаць для таго, каб зноў зблізіць два фронты — уладу і апазыцыю. Каб яны маглі знайсьці спосаб зноў жыць разам. Лукашэнка — ня той, хто настойвае на тым, каб заставацца ва ўладзе некалькі наступных гадоў. Але такі сёньняшні сьвет камунікацый», — заявіў кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG