Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне суд часова спыніў абмежаваньні на ўвоз пасажырскага, грузавога і спэцтранспарту зь Беларусі


Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом "МАЗ-Украіна"» спыніў дзеяньне рашэньня Міжведамаснай камісіі Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю аб увядзеньні мыта на ўвоз беларускай аўтамабільнай тэхнікі.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліла рашэньне 22 красавіка, а ўжо 2 траўня мытня мусіла спаганяць 35 адсоткаў мыта ад агульнай вартасьці пастаўкі. Але дагэтуль пасажырская, грузавая і спэцыяльная тэхніка пастаўляецца ва Ўкраіну бяз мыта. Так будзе адбывацца цягам таго часу, які спатрэбіцца суду на разгляд пазову даччынай кампаніі беларускага прадпрыемства ва Ўкраіне.

У сваёй заяве ў суд гандлёвы дом «МАЗ-Украіна» адзначае, што Ўкраіна парушыла прадугледжаную двухбаковым пагадненьнем аб зоне свабоднага гандлю працэдуру разгляду, увядзеньня і прымяненьня абмежавальных захадаў.

У прыватнасьці, паводле юрыстаў прадпрыемства, увядзеньню санкцый мусілі папярэднічаць двухбаковыя кансультацыі для вырашэньня спрэчных пытаньняў, і толькі ў выпадку безвыніковасьці такіх перамоў дыскусію можна было перадаваць на разгляд экспэртаў камісіі. Менавіта таму гандлёвы дом «МАЗ-Украіна» просіць суд прызнаць рашэньне незаконным, супрацьпраўным і ўвогуле яго скасаваць.

Спыніўшы дзеяньне рашэньня Міжведамаснай камісіі, суд узяў да ўвагі той факт, што на канец красавіка прадпрыемства падпісала кантракты аб пастаўцы тэхнікі больш як на 181 мільён грыўняў (прыблізна 6,6 мільёна даляраў у эквіваленце). Пры гэтым у цану паставак не закладвалася адмысловае мыта. У сувязі з гэтым існуе рызыка разарваньня кантрактаў, што ў сваю чаргу «прывядзе да фінансавай нестабільнасьці прадпрыемства і скарачэньня працоўных месцаў дзеля зьмяншэньня выдаткаў на аплату працы».

Дата разгляду справы па сутнасьці яшчэ ня вызначылі. Паводле працэдуры, Міністэрства эканамічнага разьвіцьця, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны, а таксама Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю мусяць не пазьней як да канца траўня прадставіць суду сваю пазыцыю. У выпадку адмовы суд будзе разглядаць пазоў паводле матэрыялаў, пададзеных прадпрыемствам «МАЗ-Украіна».

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом «МАЗ-Украіна» са статутным капіталам 792,5 тысячы грыўняў (прыблізна 29 тысяч даляраў у эквіваленце) зарэгістравана ў Кіеве ў 2010 годзе. Канцавымі бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі прадпрыемства зьяўляюцца ААТ «Менскі аўтамабільны завод — кіроўная кампанія «БЕЛАЎТАМАЗ» (Менск) і ААТ «"Кавальскi завод цяжкiх штамповак"» (Жодзіна).

Як стала вядома Свабодзе, раней аспрэчыць санкцыі ў гэтым жа судзе спрабавалі і іншыя ўкраінскія прадпрыемствы, якія займаюцца пастаўкамі беларускай тэхнікі ва Ўкраіну, у тым ліку і таго аўтатранспарту, што зьбіраецца ў Беларусі на аснове тэхнікі расейскай вытворчасьці «ГАЗ». Але ўсе гэтыя пазовы суд адхіліў.

Свабода зьвярнулася па камэнтар аб гэтай сытуацыі ў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны, аднак адказу пакуль не атрымала.

Што вядома пра суд

Акруговы адміністрацыйны суд Кіева лічыцца ва Ўкраіне адным з найбольш карумпаваных. Менавіта з гэтай прычыны 13 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ініцыяваў законапраект аб ліквідацыі гэтага суду і стварэньні замест яго Кіеўскага гарадзкога акруговага адміністрацыйнага суду. Гэты праект закону ўжо зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Судзьдзі пабачылі ў такіх дзеяньнях кіраўніка дзяржавы пагрозу незалежнасьці судовай сыстэмы.

Сёлета ў красавіку гэты ж суд абавязаў Міжведамасную камісію Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліць рашэньне аб антыдэмпінгавых захадах у дачыненьні да азотных угнаеньняў беларускай вытворчасьці. І адначасова прызнаў незаконным спыненьне летась у ліпені адпаведнага антыдэмпінгавага расьсьледаваньня. Такое рашэньне суд ухваліў па выніках разгляду скаргі прыватнага акцыянэрнага таварыства «Азот», якое належыць украінскаму алігарху Дзьмітрыю Фірташу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG