Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мае абмежаваць пастаўкі беларускіх угнаеньняў. Раней ад гэтага адмовіліся пад ціскам аграрыяў


Беларускі вытворца ўгнаеньняў «Гродна Азот»

Акруговы адміністрацыйны суд Кіева абавязаў Міжведамасную камісію Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліць рашэньне аб антыдэмпінгавых мерах у дачыненьні да азотных угнаеньняў беларускай вытворчасьці.

Адначасова суд прызнаў незаконным спыненьне летась у ліпені адпаведнага антыдэмпінгавага расьсьледаваньня. Такое рашэньне суд ухваліў па выніках разгляду скаргі прыватнага акцыянэрнага таварыства «Азот», якое належыць украінскаму алігарху Дзьмітрыю Фірташу.

Летась у ліпені Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю спыніла расьсьледаваньне фактаў дэмпінгавых па аб’ёмах і цэнах паставак азотных угнаеньняў, незалежна ад краіны вытворчасьці. Цяпер жа гаворка ідзе аб мэтанакіраваным вывучэньні і абмежаваньнях па ягоных выніках паставак з Гомельскага хімічнага заводу, «Гродна Азоту», а таксама праз украінскую дачку канцэрна «Белнафтахім» — «БНХ-Україна».

Па выніках расьсьледаваньня звычайна ўводзяцца павялічаныя стаўкі мыта пры ўвозе гэтай прадукцыі на тэрыторыю Ўкраіны або зацьвярджаюцца канкрэтныя аб’ёмныя квоты. Абедзьве гэтыя меры могуць прывесьці да зьніжэньня аб’ёмаў паставак прадукцыі беларускіх вытворцаў. Пастаўкі азотных угнаеньняў, нафтапрадуктаў і іншай мінэральнай прадукцыі складаюць аснову гандлёвых дачыненьняў Беларусі і Ўкраіны.

Гісторыя пытаньня

У траўні 2020-га прадстаўнікі ўраду Ўкраіны анансавалі ўвядзеньне квотаў на азотныя ўгнаеньні (нітрат амонію, вапна-аміячную салетру, карбамід і карбаміда-аміячныя сумесі) зь Беларусі, краін Эўразьвязу, Турэччыны, Казахстану, Грузіі, Кітаю і ЗША.

Занепакоеныя магчымымі абмежаваньнямі, украінскія аграрыі пачалі акцыі пратэсту. Да акцыяў далучыліся фэрмэры ў сямі рэгіёнах Украіны — Адэскай, Запароскай, Харкаўскай, Хэрсонскай, Кіраваградзкай, Хмяльніцкай ды Чаркаскай абласьцях.

Аграрыі пераконвалі, што на рынку азотных угнаеньняў у выніку такіх абмежаваньняў утворыцца манаполія двух прадпрыемстваў, якія належаць алігархам — «OstChem» Дзьмітрыя Фірташа і «ДніпроАзот» Ігара Каламойскага. Гэтыя кампаніі і ініцыявалі антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, матывуючы гэта тым, што імпарт, які адбываецца ў вялікіх аб’ёмах і па нізкіх цэнах, прычыняе шкоду нацыянальным вытворцам гэтай прадукцыі.

Пасьля масавых акцыяў пратэсту аграрыяў урад спыніў антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, адмовіўшыся абмяжоўваць увоз азотных угнаеньняў.

Ці рэалізуюць рашэньне суду

Акруговы адміністратыўны суд Кіева ўхваліў сваё рашэньне 31 сакавіка, але поўны яго тэкст судзьдзі склалі 20 красавіка. І толькі цяпер яно апублікавана ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў.

Гэты суд ва Ўкраіне лічыцца адным з найбольш карумпаваных. Менавіта з гэтай прычыны 13 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ініцыяваў законапраект аб ліквідацыі гэтага суду і стварэньні замест яго Кіеўскага гарадзкога акруговага адміністрацыйнага суду. Гэты праект закону ўжо зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Судзьдзі пабачылі ў такіх дзеяньнях кіраўніка дзяржавы пагрозу незалежнасьці судовай сыстэмы.

З пачатку траўня Ўкраіна ўводзіць мыта ў памеры 35% на пастаўку зь Беларусі грузавога, будаўнічага, пасажырскага і спэцыяльнага аўтамабільнага транспарту. Раней большасьць відаў гэтай прадукцыі пастаўлялася ва Ўкраіну ўвогуле бяз мыта, згодна з двухбаковым пагадненьнем аб свабодным гандлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG