Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла абмежаваньні на пастаўку грузавога і пасажырскага транспарту зь Беларусі


Будынак ураду Ўкраіны.

У Кіеве заявілі, што гэта зроблена ў адказ на «недружалюбныя дзеяньні» Беларусі.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўвяла абмежаваньні на пастаўку зь Беларусі грузавога, будаўнічага, пасажырскага і спэцыяльнага аўтамабільнага транспарту.

У прыватнасьці, на ўвоз гэтай прадукцыі ўводзіцца мыта ў памеры 35 адсоткаў ад мытнай вартасьці пастаўкі. Раней большасьць відаў гэтага транспарту пастаўлялася ва Ўкраіну ўвогуле бяз мыта.

Як паведамілі ў Міжведамаснай камісіі, новыя правілы гандлю набудуць моц праз 10 дзён. Абмежаваньні ўводзяцца ў адказ на стварэньне беларускім урадам «штучных бар’ераў для ўвозу з Украіны колавых транспартных сродкаў і няроўных умоў (для ўкраінскіх суб’ектаў гаспадараньня. – РС) для ўдзелу ў дзяржаўных закупках».

Украінскі бок лічыць гэты беларускія захады парушэньнем двухбаковага пагадненьня аб свабодным гандлі.

Пад абмежаваньні ва Ўкраіне трапілі маторныя транспартныя сродкі, прызначаныя для перавозкі 10 і больш чалавек; для перавозак грузаў з поршневым рухавіком унутранага згараньня агульнай масай больш за 5 тон, але ня больш за 20 тон і агульнай масай аўтамабіля больш за 20 тон; грузавыя аўтамабілі для аварыйнага рамонту; аўтакраны; машыны для прыбіраньня на вуліцах і іншыя.

Пачалі яшчэ два антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні

Адначасова Міжведамчая камісія паведаміла аб пачатку яшчэ двух антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў аб пастаўках беларускай прадукцыі ва Ўкраіну.

У прыватнасьці, гаворка пра некаторыя вырабы з асфальту і крухмалю з бульбы. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся да Міжведамаснай камісіі са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.

Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны абвясьціла, што цягам 30 дзён праводзіць рэгістрацыю зацікаўленых бакоў, якія цягам двух месяцаў мусяць накіраваць пісьмовыя камэнтары і інфармацыю аб прадмеце расьсьледаваньня.

Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а пры надзвычайных абставінах ён можа быць падоўжаны да 330 дзён.

Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў

  • У лютым 2021 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла аб пачатку антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі і Расеі.
  • У чэрвені 2020 году Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны ў інтарэсах пяці нацыянальных вытворцаў пачало антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках фанэры зь Беларусі.
  • У лістападзе 2020 году Ўкраіна пачала антыдэмпінгавае расьсьледаваньне паставак цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі і Расеі, якія ў замежнаэканамічнай дзейнасьці кваліфікуюцца кодам ех 6806 10 00 00: шклавата, мінэральная сылікатная вата і аналягічныя віды мінэральнай ваты, за выключэньнем іх сумесяў.

Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам

  • З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону памерам 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
  • У траўні 2020 году Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам памерам 21,32%.
  • 1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
  • У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкерам і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.
  • Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
  • З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі – Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце». Сёлета абмежаваньні могуць перагледзець.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG