Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнэ Фазэль надалей шкадуе, што Менск страціў хакейны чэмпіянат з прычыны палітычнага крызісу


Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, архіўнае фота.
Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль, архіўнае фота.

21 траўня ў Латвіі стартуе хакейны чэмпіянат сьвету. Адпачатку турнір плянаваўся ў Рызе і Менску, аднак праз палітычную сытуацыю беларускую частку анулявалі.

Напярэдадні старту спаборніцтваў прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль расказаў у падкасьце Eisbrecher, чаму шкадуе пра адмену гульняў у Менску. У прыватнасьці, ён паўтарыў свой тэзіс, што спорт «мог бы зблізіць уладу і апазыцыю ў Беларусі».

«Мы з Лукашэнкам даўно ведаем адзін аднаго, разам гулялі на аматарскіх турнірах, я быў судзьдзёй. Ён неверагодна адданы спорту. А потым паўстала гэтая дурная гісторыя з выбарамі ў жніўні. Падчас нашай размовы сказаў мне: „Я ведаю, у якой сытуацыі знаходзіцца твая асацыяцыя, і дапускаю, што табе прыйдзецца прыняць рашэньне...“ Урэшце, гэта сапраўды залежыць ня толькі ад мяне, а і ад краін-удзельніц. Я ведаў, што паўночныя краіны (Фінляндыя, Нарвэгія, Данія, Швэцыя) зазнаюць палітычны ціск, што, на мой погляд, вельмі дрэнна», — адзначыў Рэнэ Фазэль.

Далей ён панаракаў, што канчаткова перавярнулі ўсю справу спонсары, якія пад ціскам міжнароднай супольнасьці адмовіліся фінансаваць турнір у выпадку яго правядзеньня ў Беларусі. Пры гэтым ён не згадаў, што за гэта брэнды Škoda, Nivea, Liqui Moly былі выгнаныя зь беларускага рынку.

«Я лічу, што спонсары павялі сябе нядобра. Мы страцілі выдатную магчымасьць аднавіць пэўны балянс з дапамогай гэтых спаборніцтваў. Каб паехалі ў Менск, сытуацыя магла б супакоіцца. Чэмпіянат сьвету варта было выкарыстаць для таго, каб зноў зблізіць два фронты — уладу і апазыцыю. Каб яны маглі знайсьці спосаб зноў жыць разам. Лукашэнка — ня той, хто настойвае на тым, каб заставацца ва ўладзе некалькі наступных гадоў. Але такі сёньняшні сьвет камунікацый», — заявіў кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG