Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэйк’явіку прайшла першая сустрэча Сяргея Лаўрова і Энтані Блінкена


Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў
Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў

У сераду ў сталіцы Ісьляндыі Рэйк’явіку прайшла першая асабістая сустрэча кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў ЗША і Расеі Энтані Блінкена і Сяргея Лаўрова.

Міністры абмеркавалі шырокае кола пытаньняў, улучна з прапановай прэыдэнта ЗША Джо Байдэна правесьці амэрыканска-расейскі саміт. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў ацаніў сустрэчу як «канструктыўную» і выказаў надзею на тое, што перамовы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі адкрыюць шлях для паляпшэньня адносін паміж дзьвюма краінамі. Пры гэтым ён ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці пагадзіўся Крэмль на такую сустрэчу.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў аб тым, што дзяржсакратар Блінкен настойваў на неабходнасьці вызваленьня двух амэрыканскіх грамадзян, якіх ўтрымліваюць у расейскіх турмах; выказаў трывогу з нагоды стану здароўя зьняволенага Аляксея Навальнага, а таксама занепакоенасьць у сувязі зь дзеяньнямі расейскіх уладаў супраць мэдыякарпарацыі Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа і «Голас Амэрыкі» ў Расеі.

Перад пачаткам сустрэчы абодва міністры зрабілі заявы. Блінкен, у прыватнасьці, паўтарыў раней неаднаразова выказаную пазыцыю цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі аб тым, што Вашынгтон хоча стабільных і прадказальных адносін з Масквой. Паводле яго, «не сакрэт, што пазыцыі краін разыходзяцца, але шмат па якіх кірунках іх інтарэсы перасякаюцца». «Аднак, калі Расея будзе дзейнічаць супраць нас і нашых партнэраў агрэсіўна, мы будзем вымушаныя адказаць», — сказаў Блінкен.

Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, таксама заявіў, што Расея і ЗША павінны супрацоўнічаць па тэмах, дзе інтарэсы дзьвюх краін супадаюць. Лаўроў падкрэсьліў, што Расея гатовая абмяркоўваць з ЗША любыя пытаньні на ўзаемапаважлівай аснове і з «фактамі на стале». Паводле расейскага міністра, ён разьлічвае абмеркаваць з Блінкенам Іран, Паўночную Карэю, Афганістан і тое, як далей разьвіваць двухбаковыя адносіны.

Перамовы прайшлі на фоне рэзкага пагаршэньня двухбаковых кантактаў. У красавіку ЗША апублікавалі новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі, які, у прыватнасьці, уключае высылку 10 расійскіх дыпляматаў з амбасады ў Вашынгтоне. Масква адказала высылкай амэрыканскіх дыпляматаў, а таксама забараніла наймаць расейскіх грамадзян на працу ў дыпляматычнае ведамства ЗША (рэалізацыя гэтай меры пакуль адкладзеная). 14 траўня ўрад РФ зацьвердзіў сьпіс недружалюбных дзяржаў, у які ўвайшлі Злучаныя Штаты.

У Ісьляндыі на гэтым тыдні арганізаваныя кансультацыі кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін – удзельніц Арктычнай рады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG