Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода мае гісторыю, але ня мае ўзросту


Ігар Лосік сьвяткуе сёньня 29-ты дзень нараджэньня. Ён за кратамі ўжо 329 дзён
Ігар Лосік сьвяткуе сёньня 29-ты дзень нараджэньня. Ён за кратамі ўжо 329 дзён

20 траўня 1954 году упершыню загучала ў этэры Радыё Свабода. Таксама сёньня дзень нараджэньня нашага калегі Ігара Лосіка, які ўпершыню сустракае яго за кратамі.

Ігара Лосіка, зорку новай журналістыкі, ведалі ня толькі чытачы Свабоды і ня толькі ў яго родных Баранавічах — яго цытавалі New York Times і ўкраінскія парталы, ягоныя твіты перасылалі міністры замежных справаў і калегі ў інфармацыйных агенцтвах. Яго твар лунаў над Прагай на вялізным постэры з партрэтамі палітвязьняў, яго партрэт бачаць мінакі на вуліцах Брусэлю, яму дасылаюць лісты з усяго сьвету: Жодзіна, турма №8, Савецкая 22а...

Сёньня яго павіншаваў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай:

Віншаваньне прэзыдэнта Радыё Свабода Джэймі Флая Ігару Лосіку
Віншаваньне прэзыдэнта Радыё Свабода Джэймі Флая Ігару Лосіку

«Дарагі Ігар, вы ў нашых думках, і мы за вас молімся. Мы працуем з уладамі розных краінаў, каб дапамагчы вам вярнуцца да сям’і і калегаў. Вы патрэбны для будучыні сваёй краіны. Зычу, каб свой наступны дзень нараджэньня вы адсьвяткавалі разам з Дар’яй і Паўлінай».

Мы, калегі Ігара, успамінаем яго ня толькі ў дзень нараджэньня — ягоны партрэт з дачкой стаіць у нас у офісе, ягоны твар увесь час на сайце Свабоды, разам зь іншымі зьняволенымі беларускімі журналістамі, колькасьць якіх так драматычна вырасла ў гэтыя травеньскія дні. Стыпэндыянт Вацлава Гаўла, нешматслоўны майстар ляканічнага твітэру, зь ціхай усьмешкай і глыбокім поглядам вялікіх вачэй, ён нечым падобны да першага прэзыдэнта Чэхіі, які таксама прысылаў з турмы малюнкі ў лістах.

З 29-м днём нараджэньня, Ігар! Сустрэнемся ў Празе, занясём кветкі да Гаўла і помнікаў прэзыдэнтаў БНР і, як належыць, абавязкова адсьвяткуем.

***

Свой 67-ы дзень нараджэньня Свабода сустракае, калі Беларусь адкінутая назад як мінімум на столькі ж гадоў. Сталінскі час яшчэ ня скончыўся, яшчэ поўныя баракі ГУЛАГу і камэры «Амэрыканкі», за бел-чырвона-белы сьцяг кідаюць за краты, на кожнае крытычнае слова ў свой адрас улада адказвае 58 ці колькі іх там артыкуламі Крымінальнага кодэксу, арыштамі, зьдзекамі, звальненьнямі, пагрозамі. І выбары такія самыя, і газэты падобныя, і суды аднолькавыя, і сяброўства ў ААН такое ж падмаскоўнае, і помнік вусаты стаіць.

Але прыдатнасьць любой кансэрвы абмежаваная, пратухлая тушонка топіць нават браняносцы, асабліва пацёмкінскія.

***

Дзень нараджэньня — дзень падарункаў. Век інтэрнэту не адмяніў праверанага выслоўя пра найлепшы зь іх. Мы падрыхтавалі для вас, паважаныя чытачы, новую, ужо 80-ю па ліку кнігу ў Бібліятэцы Свабоды.

Новая кніга «Бібліятэкі Свабоды» — «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргея Абламейкі
Новая кніга «Бібліятэкі Свабоды» — «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргея Абламейкі

Гэта ўнікальнае, упершыню зробленае на невядомым раней матэрыяле навуковае і паэтычнае дасьледаваньне адной з забытых загадак — тайны зьнікненьня Старога гораду ў Менску. Наш калега Сяргей Абламейка абараніў дысэртацыю на званьне доктара гісторыі на матэрыяле менскай спадчыны, правёў гады пошукаў у архівах Беларусі, Нямеччыны, Польшчы, Амэрыкі, сабраў унікальную калекцыю фатаздымкаў. І цяпер з раўнівай любоўю карэннага менчука і карпатлівай дакладнасьцю дэтэктыва адкрывае партал у паралельны сьвет зьніклага эўрапейскага гораду. Прадмова да кнігі называецца «Менскі палімпсэст», але тычыцца ня толькі гісторыі горадабудаўніцтва:

Яны думалі,
што ўсё сьцёрлі,
што ўсё зьнесьлі,
што ўсё зраўнялі,
што ніхто не заўважыць,
што ніхто не здагадаецца,
што ніхто ня ўспомніць,
што ніхто не захоча,
што ніхто ня зможа,
што нікому ня трэба,
што ўсе ўсё забылі.
Наіўныя...

Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Буктрэйлер
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:41 0:00

Прэзэнтацыя кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» адбудзецца неўзабаве, а замовіць і атрымаць выданьне чытачы Свабоды могуць па пошце, калі пакінуць заяўку ТУТ.

***

Дзякуй вам, паважаныя сябры, за тое, што сустракаеце дзень нараджэньня Свабоды разам з намі, адкрылі, нягледзячы на блякаду, наш сайт, прачыталі навіны ў нашым Фэйсбуку, паглядзелі наш YouTube, пракамэнтавалі свабодаўскі Інстаграм, прыслалі водгук ці падказку на Тэлеграм Свабоды — бо што можа быць лепшым за сьвята зь сябрамі?

Свабода мае гісторыю, але ня мае ўзросту. Яна нараджаецца штодня, як штодня ўзыходзіць сонца, і яе дзень нараджэньня — кожны дзень. Проста сёньня гэта ў нас супала. Як кажуць у падобных выпадках — за нашу і вашу СВАБОДУ!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG