Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч выйшла на волю пасьля 6 месяцаў за кратамі. ВІДЭА


Першыя хвіліны Кацярыны Барысевіч на волі
Першыя хвіліны Кацярыны Барысевіч на волі

19 траўня скончыўся тэрмін зьняволеньня журналісткі Кацярыны Барысевіч, якую затрымалі за артыкул пра тое, што забіты жыхар «плошчы Пераменаў» Раман Бандарэнка быў цьвярозы. Раніцай яе вызвалілі з гомельскай калёніі, паведаміў Tut.by.

З брамы калёніі Кацярына Барысевіч выйшла ў 7:24. Першай патэлефанавала 18-гадовай дачцэ, якая чакае яе ў Менску.

Кацярына расказала, што доўга не магла забраць усе лісты, а атрымала яна іх за паўгода каля паўтысячы.

Кацярыну Барысевіч і лекара БСМП Арцёма Сарокіна затрымалі 19 лістапада 2020 году. Іх абвінавацілі ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула за сабой цяжкія наступствы.

13 лістапада 2020 году пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на мэдычныя дакумэнты і камэнтар лекара сьцьвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Аляксандар Лукашэнка перад гэтым заявіў, што пабіты да сьмерці хлопец быў п’яны.

2 сакавіка Кацярыне Барысевіч прысудзілі 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Прысуд абскардзіла пракуратура, але беспасьпяхова.

Лекара Арцёма Сарокіна асудзілі на два гады калёніі з адтэрміноўкай на адзін год.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG