Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ісьляндыі на продаж выставілі актыўны вулькан


Пачатак вывяржэньня Фаградальсф'ядлю ў сакавіку 2021

У паўночнаэўрапейскай краіне выставілі на продаж зямлю, на якой месьціцца знакаміты вулькан Фаградальсф’ядль. Купіць можна як увесь вулькан, так і яго частку.

Вывяржэньне вулькану Фаградальсф’ядль, які знаходзіцца ў 30 кілямэтрах ад сталіцы краіны Рэйк’явіку пачалося яшчэ 19 сакавіка. На месцы вывяржэньня ўтварылася расколіна даўжынёй ад 500 да 700 мэтраў, зь якой біла лава вышынёй да 100 мэтраў. Раён вывяржэньня на паўвостраве Рэйк’янэс знаходзіцца на прыватнай зямлі. Яна належыць асацыяцыі землеўладальнікаў, якая налічвае каля 20 чалавек, піша Meduza са спасылкай на выданьне Visir.

Да свайго вывяржэньня ў 2021 годзе Фаградальсф’ядль «спаў» шмат вякоў — апошнюю яго актыўнасьць фіксавалі ажно ў ХІІ стагодзьдзі.

«Асацыяцыя землеўладальнікаў атрымала запыты аб продажы ўчастку ад рыэлтараў і іншых зацікаўленых бакоў, і некалькі прапаноў ужо знаходзяцца на разглядзе», — паведаміў старшыня Асацыяцыі Сігурдур Гуджон Гісласан.

Застаецца невядомым, у якую суму вулькан можа абысьціся пакупніку, аднак уласьнікі зямлі гатовыя прадаць яго, «калі цана будзе ім пасаваць». Пры гэтым купіць можна як увесь участак, так і толькі яго частку.

Пры гэтым пакупнікам варта ўлічваць строгую пазыцыю дзяржавы — зрабіць куплены вулькан замкнёным не атрымаецца. Прэм’ер-міністарка Ісьляндыі Катрын Якабсдоцьцір заявіла, што новым уладальнікам вулькану не дазволяць абмяжоўваць доступ турыстаў да яго.

Больш за тое, урад краіны ўжо выдзеліў 70 мільёнаў ісьляндзкіх кронаў (564 000 даляраў) на стварэньне турыстычнай інфраструктуры на гэтым аб’екце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG