Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў законы аб «недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» і «супрацьдзеняньні экстрэмізму»


Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму», заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» генпракурор Беларусі Андрэй Швед, паведамляе Onliner.

Паводле Швэда, дакумэнт устанаўлівае забарону на гераізацыю і апраўданьне нацысцкай ідэалёгіі і садзейнічаньне гэтаму ў любой форме. Таксама пашыраны зьмест тэрміна «нацысцкая сымболіка і атрыбутыка». Што тычыцца захадаў процідзеяньня нацысцкім ідэям, то яны аналягічныя мерам у сфэры процідзеяньня экстрэмізму.

— У законе вызначаныя арганізацыйна-прававыя формы і мэтады вось гэтага процідзеяньня, прафіляктыкі. Гэта значыць, закон настолькі збалянсаваны, што ён дазваляе ўсімі даступнымі формамі і мэтадамі, якія ёсьць у любой прававой дзяржаве, выяўляць, прафіляктаваць і спыняць спробы рэабілітацыі нацызму, — заявіў Андрэй Швед.

Таксама ён расказаў, што ў заканадаўства ўведзены тэрміны «нацысцкія злачынцы», «памагатыя нацысцкіх злачынцаў» і іншыя. Яны, паводле слоў Шведа, дадуць магчымасьць у далейшым выкарыстоўваць «увесь арсэнал прававых сродкаў для процідзеяньня».

Закон «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» прыняты Палатай прадстаўнікоў 16 красавіка, ухвалены Саветам Рэспублікі 21 красавіка. Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў закон «Аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму» адпаведным Канстытуцыі, як і шэраг нядаўна ўхваленых «рэпрэсіўных» законаў.

Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты асьцерагаюцца, што больш жорсткае заканадаўства ператворыцца ў інструмэнт расправы з іншадумцамі. Так, затрыманыя ў сакавіку польскія актывісты абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 130 КК, дзе, сярод іншага, у пераліку злачынстваў якраз фігуруе «рэабілітацыя нацызму».

Таксама Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», раней прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG