Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капітана, які паведаміў пра ўжываньне войска супраць пратэстоўцаў, асудзілі на 18 год


Дзяніс Урад, капітан Генштабу, падчас допыту.
Дзяніс Урад, капітан Генштабу, падчас допыту.

Гэта самы суровы вырак пасьля пачатку пратэстаў супраць сфальшаваных выбараў і гвалту.

Вярхоўны суд Беларусі засудзіў вайскоўца Дзяніса Ўрада на 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «здраду дзяржаве». Суд праходзіў за зачыненымі дзвярыма.

Як паведамляе Генэральная пракуратура, выракам Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Дзяніс Урад, 1991 году нараджэньня, прызнаны вінаватым у здрадзе дзяржаве, учыненай асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца.

«З улікам прадстаўленых дзяржабвінаваўцам доказаў, высокай ступені грамадзкай небясьпекі зробленага, наступстваў у выглядзе шкоды нацыянальнай бясьпецы Дзянісу Ўраду на падставе ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прызначана строгае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 18 гадоў з пазбаўленьнем воінскага званьня капітан»,— паведамляе Генэральная пракуратура.

Прысуд набыў моц і абскарджваньню не падлягае.

Дзяніса Ўрада вінавацілі ва «ўцечках інфармацыі». Дзяніса згадвалі ў фільме АНТ «Манкурты». Яго прызналі палітвязьнем.

Дзянісу Ўраду 29 гадоў, ён жанаты, мае дзіця. Родам капітан з Расонаў Віцебскай вобласьці. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня, які скончыў у 2014 годзе.

Што вядома пра перасьлед капітана Ўрада

У сакавіку 2021 году затрымалі і ўзялі пад варту праз абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе капітана Дзяніса Ўрада, які, знаходзячыся на дзяжурстве на пасадзе спэцсувязі Генштабу Ўзброеных сіл, сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб «уцягваньні вайскоўцаў Узброеных сіл у дзейнасьць па падтрыманьні правапарадку».

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Дзяніс Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны і накіраваў польскаму тэлеграм-каналу.

Праваабаронцы, ацэньваючы інфармацыю пра ўчынак Ўрада і прынятых да яго рэпрэсіўных мер, зыходзілі зь Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна зь ім, нельга спасылацца на законы аб дзяржаўнай здрадзе і службовай тайне, калі ідзе размова аб спробе ўтаіць ад шырокай грамадзкасьці інфармацыю, якая мае законны грамадзкі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бясьпецы. Паводле праваабаронцаў, караць за пашырэньне такой інфармацыі, як за дзяржаўную здраду, нельга.

«Няма сумневу, што Ўрад дзейнічаў у грамадзкіх інтарэсах, а абгрунтаваньне міністрам унутраных спраў мэты прыцягненьня вайскоўцаў да паліцэйскіх функцый „для аховы аб’ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, што забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць насельніцтва і функцыянаваньне транспарту, і абʼектаў, якія ўяўляюць павышаную небясьпеку для жыцьця і здароўя людзей“ — гэта маніпуляцыя нормамі закону», — лічаць праваабаронцы.

У якасьці прыкладу яны прыводзяць вёскі Бараўляны і Копішча Менскага раёну, куды плянавалася накіраваць 50 вайскоўцаў, а там такіх абʼектаў няма, а ёсьць ачагі мірнай пратэставай актыўнасьці грамадзянаў (комплекс «Новая Баравая» ў в. Копішча).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG