Дубровенскі раённы аддзел Сьледчага камітэту пачаў крымінальную справу супраць 32-гадовага мясцовага жыхара паводле ч. 1 арт. 366 Крымінальнага кодэксу. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, 6 траўня каля дома № 12 па вуліцы Вакзальнай у Дуброўне мужчына «пагражаў гвалтам і ўжыў гвалт да пракурора Дубровенскага раёну з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасьці і прымусіць да зьмены яе характару».
«Народныя навіны Віцебска» пішуць, што пацярпелы — пракурор Міхаіл Пацееў. Мужчыну, які напаў на яго, узялі пад варту.