Кіроўца аўтамабіля, які ў жніўні 2020 году каля Краснапольля абліў бэнзінам супрацоўніка ДАІ і пагражаў яго падпаліць, асудзілі на 16 гадоў папраўчай калёніі строгага рэжыму, паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога суду.
У жніўні летась мужчына ехаў на VW Passat, ня маючы правоў кіроўцы, у ягоным легкавіку былі пасажыры. Кіроўца праігнараваў патрабаваньне інспэктараў спыніцца, і пачалася пагоня. У выніку ўцекачоў дагналі, аднак кіроўца абліў бэнзінам машыну ДАІ, а пасьля і аднаго з інспэктараў, спрабаваў адабраць у яго пісталет.
Пасьля высьветлілася, што ў ягонай крыві было 2,45 праміле алькаголю. Пасьля папераджальных стрэлаў «адзін зь міліцыянтаў зрабіў два прыцэльныя стрэлы па нагах абвінавачаных».
Крымінальную справу разглядаў Магілёўскі абласны суд. Кіроўцу 27 гадоў, ён ужо пяць разоў быў асуджаны. Цяпер мужчыну судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Кіроўцу прызналі вінаватым:
- у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананьні ім абавязкаў у ахове грамадзкага парадку, зьвязаным з прымяненьнем гвалту і з пагрозай яго прымяненьня;
- у замаху на наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, што пацягнула прычыненьне шкоды ў буйным памеры;
- у крадзяжы агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, учыненым групай асоб шляхам разбою;
- у замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананьнем ім абавязкаў у ахове грамадзкага парадку.
29-гадовую пасажырку прызналі вінаватай у супраціве міліцыянту, яна атрымала 3,5 года «хатняй хіміі», то бок без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 34-гадовы пасажыр атрымаў 10 гадоў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Як яшчэ судзяць за ініцыдэнты зь сілавікамі?
Правааабаронцы зьвяртаюць увагу на вялікую розьніцу паміж прысудамі за асобныя злачынствы, неадпаведныя ступені грамадзкай небясьпекі ці завершанасьці злачынства. Напрыклад, мастаку Аляксандру Нурдзінаву за кідок кветкамі ў АМАП, якім нікому не нашкодзіў, далі 4 гады калёніі.
У 2016 годзе п’яны начальнік Баранавіцкага ДАІ Андрэй Валкавыцкі насьмерць зьбіў на машыне жанчыну, зрабіўшы сіротамі дваіх дзяцей. Яму прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Сябра забітага сілавікамі Генадзя Шутава Аляксандар Кардзюкоў, прызнаны вінаватым у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе забойства, адправіўся ў калёнію на 10 гадоў узмоцненага рэжыму.