Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны расказалі пра пагрозы зь Беларусі і як да іх рыхтуюцца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне заяўляюць, што пакуль не плянуюць адмаўляцца ад ўзмоцненага рэжыму аховы супольнай зь Беларусьсю мяжы і адсочваюць усе ініцыятывы па нарошчваньні супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у вайсковай сфэры і сфэры бясьпекі.

Падрабязнасьці расказаў дырэктар дэпартамэнту аховы дзяржаўнай мяжы адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Леанід Баран ў часе пасяджэньня ў Кіеве міжнароднага круглага стала на тэму «Беларусь — новы заходні фарпост расейскай агрэсіі?».

Свабода сабрала галоўныя цытаты ўкраінскага памежніка.

Дэмаркацыя мяжы зь Беларусьсю запаволілася

Леанід Баран зьвярнуў увагу на тое, што працягласьць мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю роўная агульнай сухапутнай мяжы з эўрапейскімі краінамі. Яе даўжыня складае 1084 кілямэтраў.

«Гэтая мяжа на сёньня цалкам дэлімітаваная, распачалася і вельмі някепска праходзіць супольная дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы. На сёньня ўжо 80 адсоткаў ліній дзяржаўнай мяжы перанесена на мясцовасьць, усталявалі больш як 1,5 тысячы памежных знакаў. Праз пандэмію гэтая дзейнасьць крыху запаволілася, але мы лічым, што гэта часова».

Транспарту менш, кантрабанды і ўцекачоў — больш

Паводле прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, ад пачатку пандэміі ўкраінскі урад закрыў 14 пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы, функцыянуе толькі сем асноўных міжнародных пунктаў пропуску аўтамабільных зносін.

«Летась ад жніўня Дзяржаўная памежная служба перайшла на ўзмоцненую ахову мяжы і такой пакуль застаецца. Пры гэтым мы адзначаем істотнае зьмяншэньне патокаў пасажыраў і транспарту, і ня толькі праз палітычную сытуацыю, а перадусім — праз ковід. Хоць сёлета яшчэ большае зьмяншэньне, чым летась. Гэта мы зьвязваем з захадамі з боку Рэспублікі Беларусь па закрыцьці ўезду для асобных катэгорый грамадзян, у тым ліку для грамадзян Украіны і Эўразьвязу».

Леанід Баран падкрэсьліў, што Ўкраіна ня ўводзіла ніякіх дадатковых абмежаваньняў на ўезд для грамадзян Беларусі, за выключэньнем тых, якія зацьвердзіў урад у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

«За апошні год мы назіралі, што павялічылася колькасьць грамадзян Беларусі, якія пры перасячэньні мяжы зьвяртаюцца па абарону. Летась 20 грамадзян Беларусі падчас уезду ва Ўкраіну зьвярнуліся да памежнікаў, зь іх 13 — з заявай пра прызнаньне асобамі, якія патрабуюць дадатковай абароны, і 7 — з мэтай атрыманьня статусу ўцекача. Сёлета ўжо дзевяць такіх асобаў мы маем».

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы назваў асноўнымі пагрозамі незаконную міграцыю, парушэньні памежнага рэжыму ў часе збору грыбоў і ягад, а таксама кантрабанду.

«Сёлетняя асаблівасьць — гэта павелічэньне больш як у чатыры разы колькасьці спробаў перамяшчэньня цыгарэт з боку Беларусі ва Ўкраіну. Прычым ня столькі празь „зялёны“ калідор, колькі праз „чырвоны“ — прыхавана ў вялікіх грузавіках празь дзейныя пункты пропуску».

Зброя як элемэнт гібрыднай вайны

Леанід Баран назваў усе абвінавачаньні, якія гучалі на адрас Украіны ў кантрабандзе зброі ў Беларусь, элемэнтам інфармацыйнай гібрыднай вайны.

«Кожны год у межах памежнага ўзаемадзеяньня мы зь беларускім бокам апрацоўваем супольныя аналізы пагрозаў. Прычым апрацоўваюцца супольныя справаздачы, якія падпісваюцца ў рамках памежнай прадстаўніцкай працы, у якіх беларускі бок пацьвярджае тую статыстыку, якая ёсьць і з нашага боку», — адзначыў прадстаўнік памежнай службы Ўкраіны.

У прыватнасьці, ён працытаваў апошнюю такую справаздачу за 2020 год, у якой Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі канстатаваў зьмяншэньне ў 6,9 разоў колькасьці выяўленай зброі. У 2020 годзе было выяўлена 10 адзінак зброі.

«Гэта дадзеныя беларускага боку. Апроч таго мы стала праводзім памежна-прадстаўніцкія сустрэчы на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на ўзроўні памежных упаўнаважаных, і ніводнага разу яны не ўзьнімалі пытаньне (аб кантрабандзе зброі — РС). Хаця гэта было б лягічна, калі б такая праблема сапраўды існавала. Таму такія рэгулярныя заявы сапраўды можна ўспрымаць як інфармацыйныя элемэнты гібрыднай агрэсіі супраць Украіны. А мэта — дэструктыўны ўплыў на сьвядомасьць, на грамадзкасьць, і найперш — на грамадзян Беларусі».

Аб нарошчваньні вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны падкрэсьліў, што пакуль на беларуска-ўкраінскай мяжы не фіксавалі ніякіх правакацый. Але вымушаныя нарошчваць магчымасьці па ўмацаваньні і ахове дзяржаўнай мяжы.

«Мы істотна павялічылі магчымасьці паветранага маніторынгу, выкарыстоўваем бесьпілётнікі і памежную авіяцыю, мы атрымалі верталёты ў межах пагадненьня з Францыяй. Значная частка гэтай авіяцыі пойдзе на ўзмацненьне паветранага кантролю мяжы зь Беларусьсю».

Паводле Леаніда Барана, асабліва ўкраінскі бок адсочвае нарошчваньне вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў рамках «саюзнай дзяржавы». У прыватнасьці, практычную рэалізацыю падпісанай ў сакавіку праграмы стратэгічнага ўзаемадзеяньня міністэрстваў абароны на бліжэйшыя пяць гадоў, а таксама стварэньня на тэрыторыі абедзьвюх краін супольных навучальна-баявых цэнтраў для падрыхтоўкі асабовага складу.

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадаў, што асобная ўвага скіраваная на правядзеньне супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў і найперш стратэгічных «Захад-2021».

«Дзяржаўная памежная служба актыўна рыхтуецца, хаця гэтыя вучэньні пройдуць на вайсковых палігонах ня так блізка да межаў. Разам з тым мы ўлічваем і не выключаем, што, хутчэй за ўсё, расейскія выведнікі будуць працаваць з пазыцый лінейных памежных падразьдзяленьняў Беларусі, у тым ліку і на мяжы з Украінай. Шэраг тактычных вучэньняў, якія ўжо адбываюцца і плянуюцца, яны праводзяцца і на палігонах, якія набліжаныя да межаў — 40–60 кілямэтраў, але гэтая сытуацыя таксама адсочваецца і ў прынцыпе сур’ёзнай пагрозы на сёньня не нясе».

Ва Ўкраіне не выключаюць, што праграма памежнай бясьпекі Саюзнай дзяржавы, якую цяпер распрацоўваюць на пэрыяд да 2027 году, будзе прадугледжваць істотнае нарошчваньне прысутнасьці расейскага інжынэрна-тэхнічнага складніка ў ахове беларускай мяжы.

«Кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ініцыявала перад расейскімі калегамі неабходнасьць нарошчваньня супольных магчымасьцяў па вядзеньні спэцыяльнай тэхнічнай выведкі ўздоўж паўднёва-заходняй мяжы і з пазыцый памежнай інфраструктуры Беларусі, і ўсё гэта за рахунак расейскага тэхнічнага складніка. Мы уважліва адсочваем менавіта практычную рэалізацыю гэтай ініцыятывы, у тым ліку, дзейнасьць памежных службаў Беларусі і Расеі, якая можа сьведчыць аб стварэньні супольных пастоў для правядзеньня радыёэлектроннай выведкі. Пагроза ў тым, што Расея будзе больш інфармаваная пра сытуацыю і магчымасьці Ўкраіны», — патлумачыў Леанід Баран.

«Мы ўсё гэта разумеем і нарошчваем свае магчымасьці, у тым ліку разгортваем тое, чаго раней не было, як вайсковы складнік — гэта падразьдзяленьні хуткага рэагаваньня, якіх мы за апошнія гады стварылі 12, у тым ліку 2 падразьдзяленьні на мяжы зь Беларусьсю», — паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG