Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Севярынец пра справу сына і актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»: «Будуць разглядаць каля двух тыдняў»


Тацяна Севярынец (у цэнтры) 12 траўня 2021 году, напярэдадні суду над сынам Паўлам

Маці сустаршыні БХД Паўла Севярынца не ўдалося ўбачыць сына перад закрытым судовым працэсам, які распачаўся ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня.

Тацяна Севярынец сустрэлася толькі са старшынём абласнога суду Ігарам Прашко, які заявіў, што рашэньне пра разгляд крымінальных справаў у закрытым рэжыме прымала судзьдзя Ірына Ланчава. Ён параіў сваякам палітвязьняў «набрацца цярпеньня», інфармуе Радыё Рацыя.

«Я яму сказала: „Мой сын нічога не парушаў! Вы самі ведаеце, хто парушыў і хто мусіць знаходзіцца ў гэтай залі!“ Ён моўчкі з апушчанымі вачыма мяне выслухаў і кажа: „Трэба пацярпець. Да канца судовага працэсу. Мы будзем апэратыўна, мы будзем імкнуцца як мага хутчэй разабраць гэтую справу“. Паводле першай інфармацыі, недзе тыдні два будуць разглядаць», — сказала Тацяна Севярынец.

Гучны, але закрыты працэс над палітвязьнямі пачаўся ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня. Разам на лаве падсудных 7 палітвязьняў: Максім Вінярскі, Дзьмітры Казлоў, Андрэй Войніч, Павал Севярынец, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Ірына Шчасная.

Міліцыянты перад судом запатрабавалі ачысьціць пляцоўку перад будынкам, на якой сабраліся сваякі і сябры падсудных. Журналістаў Аляксандра Буракова з Deutsche Welle і Ўладзімера Лапцэвіча зь мясцовага інтэрнэт-выданьня «Рэгіянальны Магілёў» затрымалі, калі яны ўжо сышлі з пляцоўкі. У ізалятары абодва абвясьцілі галадоўку супраць умоваў утрыманьня. Таксама ў дварах каля суду затрымалі прадстаўніка мясцовай арганізацыі аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алега Аксёнава.

13 траўня міліцыянты прыехалі на працу па Ўладзімера Шанцава, кіраўніка магілёўскага аддзяленьня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які таксама быў каля абласнога суду напярэдадні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG