Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас да гэтага часу „трасуць“». Тэлеграм-канал незалежнага выданьня «Бінокль» зь Берасьця ўзламалі невядомыя

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота.

13 траўня тэлеграм-канал гарадзкога часопіса аб Берасьці «Бінокль» перайменавалі ў «Брест Live». Усе папярэднія пасты рэсурсу выдалілі, на іх месцы зьявілася міліцэйская зводка.

Навіну аб тым, што канал узламалі, «Медыязоне» пацьвердзіла галоўная рэдактарка Ксенія Пятровіч.

Па яе словах, кантроль над каналам рэдакцыя страціла ўжо нейкі час таму. На месцы старых пастоў зьявілася крымінальная хроніка — напрыклад, пра тое, як 10 траўня ў Баранавічах мясцовы жыхар «двума малаткамі забіў да сьмерці свайго сабутэльніка».

У канцы студзеня ў офісе «Бінокль» прайшоў ператрус, пасьля чаго ў рэдакцыі забралі ўсю тэхніку. Супраць мужа выдаўца часопіса Дар’і Гарашчанкі пачалі крымінальную справу.

Пасьля гэтага тэлеграм-канал выданьня доўгі час не абнаўляўся, а сайт binkl.by па сёньняшні дзень недасяжны.

«Рэдакцыя адрэагавала ўнутраным выцьцём»

«Рэдакцыя на тое, што адбываецца, адрэагавала ўнутраным выцьцём. Вядома, вельмі горка бачыць, што адбываецца з тым, над чым мы працавалі гадамі, у што мы ўкладваліся і дзеля чаго мы бегалі пад кулямі. Гэта складана ўсё ўсьвядоміць. Хоць гэта толькі частка ўсёй вялікай гісторыі, якая доўжыцца прыкладна зь лістапада», — сказала Свабодзе галоўная рэдактарка выданьня Ксенія Пятровіч.

Па яе словах, «вялікіх навін» у рэдакцыі пакуль што няма. Тым ня менш журналісты «Бінокля» на гэты момант не разышліся і не разьехаліся.

«Неяк круцімся, штосьці плянуем, некаторыя тэксты аддавалі і іншым выданьням, — кажа суразмоўца. — Для чытачоў мы ўжо не працуем з канца студзеня. Сайт не працуе каля месяца. Але ўсю рэзэрвовую інфармацыю мы захавалі. Калі мы працягнем працаваць і на якой плятформе, я пакуль што сказаць не магу. Нас да гэтага часу «трасуць».

Ксенія Пятровіч падкрэсьліла, што журналісты рэдакцыі прыкладаюць усе сілы, каб застацца ў прафэсіі і працягваць сваю працу ў роднай краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG